Эўрапейскі аналітык: «Прызнаньне Ціханоўскай ня зробіць больш зразумелым, што рабіць далей»

Пратэст у Менску, 30 жніўня 2020

Сытуацыю вакол эўрапейскай і расейскай палітыкі ў дачыненьні да Беларусі ў інтэрвію Радыё Свабода аналізуе Алена Кудзько, дырэктарка міжнароднага аналітычнага цэнтру GLOBSEC Policy Institute, які базуецца ў Браціславе.

Некамфортнае становішча Эўропы


— Эўрапейскія краіны балянсуюць у ня вельмі камфортным для іх саміх становішчы. З аднаго боку, вынікаў выбараў яны не прызналі. З другога, Лукашэнка трымае ўладу і зь ім давядзецца мець справу. Я ўсё ж думаю, што прызнаньне Ціханоўскай «выбраным лідэрам Беларусі» застанецца пакуль выключэньнем (так назваў Ціханоўскую Сэйм Літвы. — РС). Для прыкладу: заходнія краіны прызналі Хуана Гуайдо (лідэра апазыцыі рэжыму прэзыдэнта Вэнэсуэлы Нікаласа Мадуры. — РС) часовым прэзыдэнтам Вэнэсуэлы пасьля заканчэньня тэрмінаў правядзеньня новых выбараў і з улікам яго падтрымкі ў вэнэсуэльскім парлямэнце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літоўскі сэйм прызнаў Ціханоўскую нацыянальна абраным лідэрам

Лукашэнка трымае ўладу, і зь ім давядзецца мець справу

Лукашэнка ж актыўна дзейнічае, імкнучыся выключыць любую магчымасьць стварэньня органу, які б мог прадстаўляць інтарэсы шырокіх груп беларусаў, дзейнасьць Каардынацыйнай рады спыняецца ўсімі спосабамі. Калі прызнаць Ціханоўскую, то кантактаваць з Лукашэнкам ці яго міністрамі наўрад ці будзе магчыма. З улікам падтрымкі Расеі цалкам ізаляваць Лукашэнку не атрымліваецца, таму дамагчыся хуткага правядзеньня новых выбараў будзе вельмі складана. Прызнаньне Ціханоўскіай ня зробіць больш зразумелым, што рабіць далей. Таму ЭЗ пакуль спыніўся на непрызнаньні Лукашэнкі і цяпер думае, што, як і калі можна зрабіць.

Ці мае Эўропа канцэпцыю

— Эўропа ў прынцыпе не асабліва ведае, што і як лепш рабіць у такіх сытуацыях. Нягледзячы на спробы Лукашэнкі пераканаць усіх у адваротным, Эўропа ня вельмі «спэцыялізуецца» на хуткіх зьменах рэжымаў у іншых краінах. І выдатна разумее, што ў Беларусі вельмі шмат што можа пайсьці не паводле пляну. Акрамя таго, у Эўропы куча іншых праблем — ад каранавірусу і эканамічнага крызісу да сытуацыі ў Лібане і стасункаў з Турэччынай. Happy end у Беларусі, асабліва хуткі, запатрабаваў бы велізарных дыпляматычных і эканамічных рэсурсаў. А іх цяпер у Эўропе зусім ня лішак. Таму Эўропа выкарыстоўвае выпрабаваны нямецкі прынцып — дзейнічаць асьцярожна, разважліва і павольна, пастаянна ацэньваючы сытуацыю. Хуткія актыўныя рашэньні, у тым ліку ў крызісных сытуацыях — увогуле ня моцны бок Эўразьвязу. Эўропа куды больш дасьведчаная і эфэктыўная ў стварэньні доўгатэрміновых захадаў і праграм.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што азначае непрызнаньне Лукашэнкі?

Ці аддала Эўропа Беларусь на водкуп Крамлю

Але гэта ня значыць, што Беларусь пакінутая на водкуп Крамлю. Паводле эўрапейскіх мерак, ЭЗ рэагуе вельмі нават хутка і кансалідавана. За дзеяньнямі Расеі пільна назіраюць. На гэта цяпер накладаецца новы віток разладу ў адносінах з Расеяй пасьля атручэньня Навальнага, уключаючы аднаўленьне дыскусіі пра будучыню «Паўночнага патоку – 2». Эканамічны пакет, які можа быць прапанаваны Беларусі пры пэўных умовах (сумленныя выбары, пачатак палітычнага дыялёгу ўнутры краіны), таксама можа быць прыстойнай матывацыяй. Многія трохі паблажліва глядзяць на стандартныя эўрапейскія дзеяньні — падтрымка незалежных СМІ і НДА, адукацыйныя праграмы, абмены, дапамога сацыяльным праектам у Беларусі. Але ў доўгатэрміновай пэрспэктыве і яны будуць важныя для захаваньня палітычнай і сацыяльнай мабілізацыі і ўпэўненасьці беларускага грамадзтва ў сваіх сілах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Масква падштурхоўвае Лукашэнку да канстытуцыйнай рэформы і новых выбараў, — палітоляг Карбалевіч

Пасьля таго, як зьменіцца рэжым

Але значна больш важнае пытаньне — што будуць рабіць тыя ж краіны ЭЗ, калі рэжым у Беларусі ўсё ж неўзабаве зьменіцца? Вось тады сапраўды эканамічны і фінансавы пакет дапамогі для гэтай краіны і падтрымка яе разьвіцьця будзе безумоўна неабходны — і пры гэтым выгадны і самім краінам ЭЗ, як і іншым патэнцыйным донарам і інвэстарам, лічыць дырэктар міжнароднага аналітычнага цэнтру GLOBSEC Policy Institute Алена Кудзько.