У Бабруйску сястра прыйшла на суд да брата — асудзілі і яе

Іван Хамрэнка

15 верасьня ў Бабруйску разглядалася справа Івана Хамрэнкі за ўдзел у шэсьці. Ён атрымаў штраф, але на свабоду ня выйшаў. Апрача таго, у судзе затрымалі і ягоную сястру Ірыну Купцэвіч.

Івана Хамрэнку затрымалі яшчэ 25 жніўня, склалі пратакол за ўдзел у шэсьці і адпусьцілі дамоў. Суд над ім пачаўся 9 верасьня і цягнуўся некалькі дзён.

Раніцай 15 верасьня на абвяшчэньне выраку прыйшла сястра Івана, журналістка Reform.by Ірына Купцэвіч. Яе проста з будынку суду міліцыянты адвезьлі ў ГУУС на складаньне пратаколу, таксама за ўдзел у шэсьці 13 верасьня. 14 верасьня Ірыне тэлефанаваў участковы, запрашаў на гутарку — яна прыходзіла ў дамоўлены час, але яго не было.

Ірына Купцэвіч

Тым часам Івану прысудзілі штраф 675 рублёў і проста ў залі суду затрымалі другі раз, цяпер ужо за ўдзел у шэсьці 13 верасьня.

Па абедзе над братам і сястрой адбыліся суды. Ірына Купцэвіч атрымала пакараньне ў выглядзе штрафу 10 базавых, а Іван Хамрэнка, на дадатак да папярэдняга штрафу, — 7 сутак арышту.