Суд Фрунзенскага раёну Менску прысудзіў 11 сутак арышту фотакарэспандэнтам Уладзю Грыдзіну і Аляксандру Васюковічу за «ўдзел у несанкцыянаванай акцыі».
Грыдзіна і Васюковіча затрымалі ўвечары 13 верасьня ў менскім бары. Гэта адбылося ўжо пасьля завяршэньня пратэставага «Маршу герояў», дзе яны выконвалі свае прафэсійныя абавязкі і былі абазначаныя як журналісты.
Уладзь Грыдзін знаходзіцца ў ізалятары на Акрэсьціна і ўдзельнічаў у судзе праз скайп
Уладзь Грыдзін працаваў фотакарэспандэнтам Радыё Свабода, пакуль 29 жніўня ўлады не пазбавілі акрэдытацыі яго і яшчэ трох нашых журналістаў. Апошні час ён супрацоўнічаў з парталам Tut.by. Уладзь быў пераможцам і прызэрам конкурсу Belarus Press Photo, яго здымкі публікавалі сусьветныя агенцтвы і СМІ.
Прапануем падобрку яскравых фатаздымкаў Уладзя Грыдзіна з моманту пачатку выбарчай кампаніі ў Беларусі і да пазбаўленьня яго акрэдытацыі карэспандэнта Свабоды ў канцы жніўня.
Чарга на пікеты альтэрнатыўных кандыдатаў на менскай Камароўцы. 31 траўня
Супрацоўнікі ў цывільным жорстка затрымліваюць Паўла Севярынца, які вяртаўся зь пікета ля Камароўскага рынку, каля яго дома. 7 чэрвеня
Затрыманьне на праспэкце Незалежнасьці ў Менску падчас стыхійнай акцыі пратэсту напярэдадні выбараў. 8 жніўня
Сьвятлана Ціханоўская галасуе на выбарчым участку ў менскім мікрараёне Ўсход. 9 жніўня
Першы пасьлявыбарчы пратэст. Пацярпелая на скрыжаваньні праспэкту Машэрава і вуліцы Ціміразева. 9-10 жніўня
Сілавікі паліваюць дэманстрантаў з вадамётаў. 9-10 жніўня
Дэманстранты зь ліхтарыкамі ў смартфонах у раёне менскай стэлы. Ноч з 9 на 10 жніўня
АМАП страляе па людзях гумовымі кулямі. 9-10 жніўня
Узброеныя сілавікі стралялі па мірных пратэстоўцах у раёне вуліцы Кальварыйскай у Менску. 10 жніўня
Прыцэльным стрэлам паранілі ў нагу карэспандэнтку «Нашай Нівы» Натальлю Лубнеўскую. Яна дагэтуль у шпіталі. 10 жніўня
Паранены маніфэстант у раёне вуліцы Прытыцкага. Сілавікі ўжывалі супраць дэманстрантаў сьвятлашумавыя гранаты і гумовыя кулі, моцна зьбівалі. 10 жніўня
Затрыманьні на вуліцы Прытыцкага, на месцы гібелі Аляксандра Тарайкоўскага — першага, хто загінуў сярод дэманстрантаў
Сілавікі жорстка разганяюць пратэст на Каменнай Горцы. Яны абстрэльвалі аўтамабілі, сілай выцягвалі адтуль пасажыраў, зьбівалі іх. 11-12 жніўня
Амапаўцы жорстка зьбіваюць гуртом чалавека, гоняцца за іншым. 11-12 жніўня
Першы нядзельны мітынг у Менску, у якім удзельнічалі некалькі соцень тысяч чалавек. 16 жніўня
Участковы міліцыянт выступае на мітынгу жыхароў Новай Баравой. 20 жніўня
Калючы дрот паміж вайскоўцамі, якія ачапілі стэлу «Мінск — горад-герой», і дэманстрантамі. «Марш новай Беларусі» сабраў больш за 100 тысяч чалавек у Менску. 23 жніўня
Мора людзей і сьцягоў. 23 жніўня
Пахаваньне Мікіты Крыўцова ў Маладэчне. Удзельніка акцый пратэсту не маглі знайсьці дзесяць дзён, ягоная сьмерць застаецца загадкавай. 25 жніўня
Шэсьце работнікаў БелАЗу ў Жодзіне. 26 жніўня