У Гомлі цягам амаль чатырох гадзін праходзіў «Марш герояў». Акцыя, у якой удзельнічалі некалькі тысяч чалавек, скончылася кропкавымі затрыманьнямі.
Міліцыя пачала актыўную падрыхтоўку да акцыі пратэсту яшчэ ў пятніцу. Ня менш за 12 чалавек зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня да суду, які мае адбыцца ў панядзелак. Пільную ўвагу міліцыі адчувалі на сябе і незалежныя журналісты, якія мусілі не начаваць дома і хавацца.
Па традыцыі нядзельная акцыя пачалася каля ўнівэрмагу «Гомель». Міліцыя папярэджвала, што шэсьце несанкцыянаванае. Каля некалькіх соцень чалавек рушылі па Савецкай.
На кожным скрыжаваньні калёну чакалі дзясяткі ахвочых далучыцца. У выніку на праспэкт Леніна выйшлі ўжо некалькі тысяч чалавек. Міліцыя суправаджала марш на «УАЗ».
Аблвыканкам ахоўвалі ўнутраныя войскі ў поўнай экіпіроўцы. Пратэстоўцы пакрычалі ім: «Колькі каштуе сумленьне?», «Фашызм ня пройдзе» і «Ганьба!». Раз-пораз да ўдзельнікаў маршу чапляліся прыхільнікі Лукашэнкі, якія абражалі пратэстоўцаў. У адказ яны чулі: «Сабачку, сабачку!».
У мінулую нядзелю адзін малады чалавек упрыгожыў помнік міліцыянту ля вакзалу бел-чырвона-белым сьцягам. Пазьней яго затрымалі і аштрафавалі. Сёньня помнік ахоўвалі міліцыянты. Людзі дакаралі іх за гвалт над затрыманымі, заклікалі да сумленьня, сьмяяліся зь іх.
«Не падыходзьце ззаду, я расцэньваю гэта як напад!» — крычаў адзін зь міліцыянтаў на журналістаў.
Марш цягнуўся амаль чатыры гадзіны. На ўнівэрмагу «Гомель» ён скончыўся — і пачаліся затрыманьні. Людзей лавілі па дварах, затрымлівалі ля цырку, на вуліцы Рагачоўскай, каля ўнівэрмагу і адміністрацыі Чыгуначнага раёну.
На праспэкце Перамогі затрымалі трох байкераў і трох іхных пасажыраў. Яны езьдзілі па горадзе зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. Цяпер усе затрыманыя, ня менш за 20 чалавек, — у Цэнтральным РАУС.