Рымскі пантыфік зьвярнуў увагу на пратэсты, якія адбываюцца ў многіх краінах сьвету, і заклікаў улады забясьпечыць поўную павагу да правоў чалавека і грамадзянскіх свабодаў. Пра гэта паведамляе Беларуская рэдакцыя Vatican News.
Францішак заўважыў, што «шматлікія народныя дэманстрацыі пратэсту выказваюць неспакой грамадзянскай супольнасьці ва ўмовах асабліва крытычных палітычных і сацыяльных сытуацыяў».
Сёньня пасьля малітвы «Анёл Панскі» Папа заклікаў дэманстрантаў «мірна выказвацца пра свае праблемы, не паддаючыся спакусе агрэсіі і гвалту», а дзяржаўныя ўлады — «прыслухацца да голасу сваіх суграмадзян і пайсьці насустрач іх законным імкненьням, забясьпечваючы поўную павагу да правоў чалавека і грамадзянскіх свабодаў».
Пантыфік заклікаў «касьцельную супольнасьць» краінаў, дзе адбываюцца пратэсты, пад кіраўніцтвам сваіх пастыраў заўсёды працаваць на карысьць дыялёгу, прымірэньня і дараваньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Замест хлусьні павінна запанаваць праўда». У Горадні маліліся аб вырашэньні крызісу і вяртаньні Кандрусевіча. ФОТА