Для каго ўключаны беларускі тэлевізар, хто яго глядзіць, ці вераць навінам на дзяржаўных каналах і навошта так стараюцца расейскія прапагандысты, дасланыя на дапамогу Аляксандру Лукашэнку ў Менск? Пра гэта Андрэю Чаркасаву з тэлеканалу «Настоящее время» расказаў беларускі мэдыяэкспэрт Паўлюк Быкоўскі.
— У апошнія тыдні і нават месяцы мы назіраем інфармацыйнае супрацьстаяньне паміж незалежнымі СМІ і дзяржаўнай тэлевізіяй ў Беларусі. Рэгулярна ад удзельнікаў пратэстаў даводзіцца чуць, што «ніхто тэлевізара не глядзіць». Маглі б вы апісаць партрэт тыповага гледача дзяржаўных каналаў вашай краіны?
— Тут ёсьць некаторая складанасьць, паколькі ў нас дасьледаваньні СМІ вельмі абмежаваныя і некалькі гадоў увесь рынак не вымяраўся, а з 1 студзеня ў нас зьмянілася наогул сыстэма вымярэньня.
Калі браць тэндэнцыю і гаварыць пра тое, хто звычайна глядзіць беларускую тэлевізію (гэта людзі 65+, у асноўным жыхары рэгіёнаў), але тады, калі дасьледаваньне можна было вэрыфікаваць і яго прызнавалі ўсе на рынку, была вядомая забаўная рэч: калі пачынаецца інфармацыйная праграма, людзі сыходзяць, калі пачынаецца прагноз надвор’я, людзі вяртаюцца.
Калі браць гэтую вясну, калі была гісторыя з каранавірусам, быў пэўны ўсплёск, калі моладзь даведалася пра існаваньне тэлевізіі. Многія людзі захацелі застацца дома, у нас не было ў Беларусі карантыну, ніякага патрабаваньня знаходзіцца дома не было, але многія людзі захацелі, і вось тады быў пік тэлеглядзеньня моладзьдзю. Але гэта прайшло з прычыны таго, што людзі мала давяраюць дзяржаўным тэлеканалам у цэлым.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Бачаць мяне кожны дзень у прасе... Можа, недзе ім надакучыла». Што яшчэ Лукашэнка сказаў расейскаму мэдыядэсанту— Атрымліваецца, што папулярнасьць дзяржаўных каналаў упала яшчэ да выбараў? Чаму?
— Тут два фактары — ня толькі няма даверу, але яшчэ і нецікава. Паколькі там быў бясконцы расповед пра пасяўную, уборачную, пра тое, як Аляксандар Лукашэнка наведаў адно прадпрыемства, другое прадпрыемства.
Калі ж парадак дня становіцца іншым, часам людзі на гэта падключаюцца. І ёсьць прыклады, калі былі ўсплёскі цікавасьці. Але цяпер, на жаль, проста няма сацыялягічнага інструмэнту, з дапамогай якога можна было б вымераць і сказаць вам дакладную інфармацыю, як людзі падключаюцца да або адключаюцца ад дзяржаўных тэлеканалаў.
— Калі тэлевізія ў Беларусі не асабліва папулярная і на выбарнікаў не ўплывае, то дзеля чаго стараюцца ўлады? Навошта краіне тры падобныя каналы з аднолькавымі навінамі?
— Тут ёсьць адзін значны глядач, для якога гэта трэба паказваць. Калісьці Леніну ў санаторый прывозілі адмыслова выраблены нумар газэты, цяпер вось у нас ёсьць некалькі дзяржаўных тэлеканалаў, яны павінны паказваць карцінку, каб, пераключаючы каналы, усюды было ўсё добра.
Гэта адзін адказ. Другі адказ: гэта бюракратычная сыстэма, і яна дзейнічае па інэрцыі. Але з другога боку, і самастойна, і абапіраючыся на парады калег з Масквы, кіроўны рэжым пачаў працаваць у сацсетках і ў телеграм-каналах вельмі актыўна, і яны ствараюць інфармацыйныя рэчы, якія даюць мэдыяэфэкты і якія традыцыйныя СМІ ня ўмеюць і не пасьпяваюць апрацаваць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская заклікала расейцаў ня верыць «хлусьні» пра падзеі ў Беларусі. ВІДЭАІ такія гісторыі паўтараюцца. І калі адбываюцца ўкіды такой інфармацыі альбо інтэрпрэтацыі падзей, напрыклад пра тое, што Калесьнікава вельмі рвалася зь Беларусі. Калі б яна не парвала свой пашпарт, калі б не было такой інфармацыі, то сцэнар атрымаўся б.
Таму што да гэтага часу атрымлівалася так, што людзей вывозілі і яны апыналіся за мяжой. Што яны кажуць – гэта ўсё роўна. Тут прапаганда не спрацавала, але звычайна яна часам спрацоўвае, і звычайна такія хітрыя павароты тэмы ідуць празь неафіцыйныя каналы, але яны пераконваюць людзей, што, можа быць, ёсьць і такі варыянт інтэрпрэтацыі.
І вось гэтая рэч, яна працуе, на яе зьвяртаюць увагу. А дзяржаўныя тэлеканалы — напэўна, усё-ткі для аднаго важнага гледача.