«Страх — кепска, гвалт — кепска, хлусьня — кепска. Нельга рабіць выгляд, быццам бы нічога не адбываецца. Мы маем права мець свае перакананьні і выказваць іх, мы маем права падтрымліваць адзін аднаго. Студэнты, мы з вамі. Філфак БДУ — гэта мы. Свабода, праўда, салідарнасьць», — гаворыцца ў звароце.
«Мы не хаваем свае твары. Атмасфэра хлусьні і страху вымушае нас маўчаць. Але мы хочам гаварыць адкрыта».
«Людзям важна камунікаваць і важна рабіць гэта шчыра і адкрыта. Чуць і разумець. Быць зразуметымі і быць пачутымі. Мая падтрымка студэнтам, якія маюць сваё меркаваньне, выказваюць і адстойваюць яго. Гэта іх чалавечае права. Мая глыбокая пашана выкладчыкам, якія ўсталі на абарону свабоды слова і бясьпекі студэнтаў».
«Для таго, каб пісаць і чытаць вершы, каб сьпяваць песьні, каб зьбірацца разам і размаўляць, не патрэбны дазвол адміністрацыі».
«Мы любім нашых студэнтаў і выхоўваем іх на кнігах, якія сьцьвярджаюць, што свабода — найвышэйшая каштоўнасьць. І кожны чалавек мае права на ўласнае меркаваньне, свой шлях і свой выбар. І мы хочам бачыць годных, сьмелых, сумленных людзей ня толькі на старонках літаратурных твораў, але і ў жыцьці, побач з намі».
«Свабодна валодаць мовай — гэта ня толькі і ня столькі пра бегласьць, зьвязнасьць і правільнасьць маўленьня. Свабодна валодаць мовай — гэта пра прыгажосьць выбару, што каму як і калі казаць».
«Мы хочам, каб студэнты вывучалі замежныя мовы не для таго, каб эміграваць у пошуках свабоды, лепшай адукацыі і лепшай долі. Мы вывучаем англійскую, нямецкую, францускую, польскую, чэскую і іншыя мовы для таго, каб разумець іншых. Каб быць пачутымі ў сьвеце. Каб будаваць сваё, абапіраючыся на вопыт іншых».
«Сёньня немагчыма заставацца нэўтральным да таго, што адбываецца. Калі мы будзем рабіць выгляд, што нас гэта ня тычыцца, калі мы будзем баяцца і маўчаць, мы страцім права ўваходзіць у аўдыторыі да студэнтаў. Мы ня зможам глядзець у вочы нашым дзецям. І ў нашай краіны ня будзе будучыні».
«Як вядома, для перамогі зла трэба толькі адно — каб добрыя людзі нічога не рабілі. І таму мы ня можам моўчкі глядзець на тое, што адбываецца ў нашай краіне. І мы выказваем салідарнасьць і падтрымку ўсім тым, хто адстойвае сваё права на свабоду мірных сходаў і свабоду слова».
«Мы вывучаем творчасьць і ствараем самі, і мы лічым, што кожны мае права на свабоду творчага выказваньня. На мове літаратуры, музыкі, выявы альбо жэсту. У кожнага ёсьць свой адметны, непаўторны голас. Гэтак жа як у любой нацыянальнай літаратуры або ў асобна ўзятага аўтара, так ён ёсьць у кожнага чалавека. І гэты голас мае права на сваё існаваньне і на тое, каб быць пачутым».
«Усё проста. Страх — кепска. Гвалт — кепска. Хлусьня — кепска. Ну, нельга рабіць выгляд, быццам нічога не адбываецца. Мы маем права мець свае перакананьні і выказваць іх, мы маем права падтрымліваць адзін аднаго. Студэнты, мы з вамі. Філфак БДУ — гэта мы. Свабода, праўда, салідарнасьць», — гаворыцца ў звароце.
У відэазапісе выступілі
- Ульяна Верына — дацэнт катэдры расейскай літаратуры,
- Вера Жыбуль, дацэнт катэдры расейскай літаратуры,
- Натальля Ламека, дацэнт катэдры замежнай літаратуры,
- Павел Бранавец, выкладчык катэдры тэарэтычнага і славянскага мовазнаўства,
- Лізавета Таран, выкладчык катэдры нямецкага мовазнаўства,
- Тацьцяна Алешка, дацэнт катэдры расейскай літаратуры,
- Яўген Прыстаўка, дацэнт катэдры клясычнай філялёгіі,
- Вольга Гронская, дацэнт катэдры нямецкага мовазнаўства,
- Віктар Халіпаў, дацэнт катэдры замежнай літаратуры.
5 верасьня падчас студэнцкага маршу пратэсту непадалёк ад філфаку БДУ на вуліцы Маркса затрымалі больш як 15 студэнтаў. Усяго 5 верасьня затрымалі 34 студэнтаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 25 затрыманых у Менску студэнтаў выпусьцілі, яшчэ 9 засталіся чакаць судоў у ізалятары. ВідэаНапярэдадні затрымлівалі студэнтаў у Менскім дзяржаўным лінгвістычным унівэрсытэце.
1 верасьня на тэрыторыі ліцэя БДУ затрымалі выпускнікоў, якія выйшлі на акцыю падтрымкі затрыманых раней выпускнікоў. З асуджэньнем гвалту выступілі як настаўнікі,так і навучэнцы ліцэю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пераможцы алімпіяд па замежных мовах запісалі відэазварот, у якім выступілі за новыя выбары. ВІДЭА