Саюз архітэктараў Расеі абвясьціў конкурс на найлепшую канцэпцыю маўзалею бязь цела Уладзіміра Леніна. Рашэньне аб правядзеньні конкурсу прынялі ў канцы жніўня, але палажэньне зацьвердзілі і апублікавалі толькі цяпер. Вынікі конкурсу будуць падведзеныя на фэстывалі «Дойлідства», які пройдзе ў Маскве з 11 па 13 лістапада.
Да ўдзелу ў конкурсе запрошаныя як архітэктары і мастакі, так і звычайныя грамадзяне Расеі і СНД. Усім ім прапануецца зрабіць замалёўкі праекту будучага выкарыстаньня маўзалею.
У паведамленьні арганізатараў гаворыцца, што знаходжаньне цела супярэчыць сучасным уяўленьням аб памяці і зьяўляецца парушэньнем расейскай праваслаўнай традыцыі. Пры гэтым будынак маўзалею знаходзіцца пад аховай UNESCO.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Зімбабвэ разьвітваюцца з Мугабэ. Ён будзе пахаваны ў маўзалеіНа думку Саюзу архітэктараў, маўзалей варта зрабіць філіяй Дзяржаўнага музэю архітэктуры імя Шчусева. Мяркуецца, што там можна будзе разьмясьціць экспазыцыю аб гісторыі праектаваньня ўсіх вэрсіяў будынка маўзалею — фанэрнай, драўлянай і гранітнай. Удзельнікам конкурсу таксама прапануецца скласьці генэральны плян з маршрутам, які зьвяжа маўзалей з музэем архітэктуры на Вазьдзьвіжанцы.
У складзе журы міністар культуры Вольга Любімава, лідар «Справядлівай Расеі» Сяргей Міронаў, дырэктар музэю Крамля Алена Гагарына.
Цела Леніна ў празрыстым саркафагу захоўваецца ў Маўзалеі ад 1924 году. Пры Маўзалеі працуе лябараторыя для захаваньня цела Леніна.