Падтрымайце сьмелых пратэстоўцаў у Беларусі, — The New York Times

Рэдакцыйны артыкул з такім заклікам апублікавала сёньня адна з самых уплывовых газэтаў ЗША.

«Падаўленьне мірных пратэстаў, якія доўжацца ўжо месяц, супраць відавочна сфальсыфікаваных выбараў у Беларусі — абраза для ўсіх, хто шануе дэмакратыю і элемэнтарную справядлівасьць. Пытаньне ў тым, як на гэта адказаць», — піша выданьне.

«Беларускі лідэр Аляксандар Лукашэнка спачатку спрабаваў здушыць пратэсты з дапамогай асноўнага інструмэнту дыктатара — гвалту, паслаўшы сваю паліцыю і сакрэтныя службы зьбіваць і затрымліваць дэманстрантаў тысячамі. Але гэта толькі разьдзьмула полымя, у выніку чаго на вуліцы выйшла да 200 тысячаў чалавек. Цяпер, пры падтрымцы і спрыяньні сваіх расейскіх мэнтараў, Лукашэнка пачаў гвалтоўна выганяць лідэраў пратэстаў у суседнія краіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША ўвядуць санкцыі супраць асобаў з атачэньня Лукашэнкі «ў найбліжэйшыя дні»

Газэта нагадвае, што ў савецкія часы іншадумцаў, якія былі занадта вядомыя, каб іх зьбіваць ці арыштоўваць, часта высылалі на Захад, дзе іх можна было прадставіць як агентаў ворага.

«Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, былы супрацоўнік палітычнай паліцыі КДБ, прадэманстраваў асабліва жорсткі варыянт гэтага гамбіту са сваім палітычным ворагам Аляксеем Навальным, якога атруцілі і адправілі на лячэньне за мяжу, пасьля чаго крамлёўская прапаганда выказала меркаваньне, што ён быў атручаны ў Нямеччыне», — піша The New York Times.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад аркестру да вялікай палітыкі. Хто такая Марыя Калесьнікава

«Адна з адважных жанчын, якія стаялі ў першых шэрагах беларускіх пратэстаў, Марыя Калесьнікава, пазьбегла выгнаньня, разарваўшы свой пашпарт і выскачыўшы з машыны ў дарозе да ўкраінскай мяжы. Сьвятлана Ціханоўская пад пагрозай турэмнага зьняволеньня і разлучэньня зь дзецьмі была вымушаная зьехаць зь Беларусі ў Літву. Трэцяя жанчына, Вераніка Цапкала, жонка былога амбасадара ў ЗША, знаходзіцца ў Польшчы», — адзначае выданьне.

«Ці змогуць пратэстоўцы працягваць барацьбу, калі іх лідэраў сыстэматычна выціскаюць з краіны, пабачым. Але менавіта яснасьць пратэстаў робіць іх такімі пераканаўчымі і годнымі падтрымкі. Пасьля таго як чвэрць стагодзьдзя беларусы ня мелі права голасу ў тым, як імі кіруюць, яны заявілі, што ім досыць Лукашэнкі, яго хлусьні і фальшывых выбараў», — тлумачыць газэта.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лукашэнку ўратуе Пуцін?» The Еconomist крытыкуе пасіўную пазыцыю Захаду

«Пратэстоўцы не зьвярталіся па падтрымку да ЭЗ, NATO або ЗША. Аднак для Лукашэнкі, і нават яшчэ больш для Пуціна, ідэя дазволіць людзям выбіраць свой урад — гэта ерась. У разуменьні Пуціна Расея, Украіна і Беларусь былі ядром савецкай імпэрыі, і адна краіна з гэтай групы ўжо выйшла. Свабодныя і дэмакратычныя выбары ў Беларусі ня толькі спараджаюць рызыку прывесьці да ўлады людзей зь іншымі ідэямі, але і могуць стаць натхняльным прыкладам для расейцаў. Адной з прычынаў атручваньня Навальнага магла быць яго публічная сымпатыя да беларускіх дэманстрантаў», — мяркуе The New York Times.

«Нарэшце, Лукашэнка павінен наведаць Пуціна, і ён можа высьветліць, што Крэмль гатовы пазбавіцца ад яго, каб супакоіць сытуацыю ў Беларусі. Масква таксама можа паспрабаваць уцягнуць Эўразьвяз у тую ці іншую форму дыялёгу, які надасьць легітымнасьці пошукам Расеяй спосабу вырашыць крызіс у сваіх інтарэсах. Ні Эўразьвяз, ні ЗША не павінны гуляць у гэтую гульню, — лічыць рэдакцыя газэты. — Любы ўдзел Захаду ў пераходным працэсе, кантраляваным Расеяй, будзе пацьверджаньнем тэзаў Лукашэнкі і Пуціна аб тым, што вулічныя пратэсты — справа рук „зьнешніх ворагаў“. Гэта было б здрадай таму, чаго хочуць і на што спадзяюцца беларусы. Калі і будзе які-небудзь дыялёг, то ён павінен быць з апазыцыяй у якасьці паўнапраўнага ўдзельніка».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мэркель: Нашыя сэрцы б’юцца ў такт з сэрцамі мірных дэманстрантаў у Беларусі

На думку рэдакцыі The New York Times, «роля Захаду — роля ўрадаў, праваабарончых арганізацый і грамадзкасьці ў сацыяльных сетках — палягае ў тым, каб прадэманстраваць шматлікім адважным людзям, якія аддалі свае галасы за Ціханоўскую і вытрымалі зьбіцьцё і арышты, што свабодныя людзі паўсюль на іх баку і падтрымліваюць іх патрабаваньні — новыя выбары, вызваленьне ўсіх затрыманых і вяртаньне лідэраў апазыцыі, якіх вымусілі адправіцца ў выгнаньне. Гэты мэсыдж павінен быць падмацаваны сур’ёзнымі пэрсанальнымі санкцыямі — замарожваньнем рахункаў у замежных банках, забаронамі на паездкі і да таго падобнае — супраць набліжаных Лукашэнкі і тых, хто фальсыфікаваў вынікі выбараў, а потым жорстка абыходзіўся з тымі, хто адважваўся пратэставаць».