Былога вядоўцу і кіраўніка прэзыдэнцкага пулу журналістаў на канале АНТ Дзьмітрыя Семчанку 11 верасьня арыштавалі на 15 дзён.
Семчанка правёў ноч у турме на Акрэсьціна. Журналіста затрымалі 10 верасьня.
Пра гэта Свабодзе расказала яго жонка Юлія.
«Я толькі што была ў Фрунзэнскім РУУС, з трэцяй спробы мне ўдалося даведацца канкрэтную інфармацыю. Ноч ён правёў у ІЧУ на завулку Акрэсьціна. Мне сказалі, што ў РУУС яго ня будуць прывозіць, суд будзе дыстанцыйны, праз Skype. Калі ён пачнецца, мне не сказалі».
А 14 гадзіне Юлія павязе Дзьмітрыю перадачу на Акрэсьціна. У чым вінавацяць Дзьмітрыя Семчанку?
«Учора, калі яго затрымлівалі, сказалі, што трэба высьветліць, ці браў ён удзел у несанкцыянаванай акцыі».
Дзьмітрыя Семчанку затрымалі ва ўласнай кватэры. Каля 17-й гадзіны пазванілі ў дзьверы трое чалавек у цывільным, адзін бяз маскі, ён паказаў сваё пасьведчаньне. Юлія гаворыць, што супрацоўнікі паводзілі сябе тактоўна і ветліва. Дзіця, якому чатыры з паловай гады, не напалохалася.
«Супрацоўнік, які назваўся, сказаў, што Дзьмітрыя трэба даставіць у Фрунзэнскае РУУС, каб высьветліць, ці браў ён удзел у масавых мерапрыемствах. Дзьмітры сказаў, што ня ўдзельнічаў. Супрацоўнік адказаў, што ён гэтага ня будзе высьвятляць і што ён цэлы дзень да ночы займаецца толькі дастаўкай людзей у пастарунак, — кажа Юлія. — Мы ня надта зьдзівіліся, калі ўбачылі гэтых людзей дома, мы маральна былі гатовыя, ведаючы, што адбываецца ў краіне».
Месяц таму Дзьмітры звольніўся з АНТ і пакуль беспрацоўны.
Юлія кажа, што вельмі кепска ставіцца да таго, што адбываецца ў краіне.
«Як мы зразумелі, закон ужо ў нас не працуе. Усё што адбываецца, гэта абсалютная сваволя. І гэта, відаць, зачэпка, каб неяк адпомсьціць мужу».