Нобэлеўская ляўрэатка па літаратуры, сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Сьвятлана Алексіевіч зьвярнулася да ААН з просьбай паслаць у Беларусь маніторынгавую місію.
Пра гэта гаворыцца ў артыкуле, апублікаваным ёю ў суаўтарстве з кіраўніком Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэем Бастунцом і генэральным сакратаром міжнароднай арганізацыі «Рэпартэры бязь межаў» Крыстофам Дэлюарам. Артыкул зьявіўся 10 верасьня на старонках францускай газэты Le Monde.
У артыкуле расказваецца пра апошнія рэпрэсіі ў дачыненьні да незалежных журналістаў і СМІ ў Беларусі.
«Мы заклікаем Генэральную Асамблею ААН накіраваць маніторынгавую місію, каб засьведчыць рэпрэсіі ў дачыненьні да журналістаў», — гаворыцца ў матэрыяле.
Яго аўтары таксама заклікалі Арганізацыю па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе «ўключыць свабоду друку ў сьпіс прыярытэтных тэм у рамках прапановы аб пасярэдніцтве ва ўрэгуляваньні крызісу».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Арганізатары #BY_help запускаюць збор сродкаў на падтрымку незалежных СМІ і журналістаў у Беларусі