Вэтэрану магілёўскага апазыцыйнага руху Валадару Цурпанаву дадалі яшчэ восем сутак арышту ды аштрафавалі яго на 270 рублёў за непавагу да суду. Цяпер ён адбывае ў ізалятары 20 сутак адміністрацыйнага арышту.
Судзьдзя Ленінскага суду Вікторыя Палякова прызнала Цурпанава вінаватым у актыўным удзеле 23 жніўня ў несанкцыянаваным пікеце на плошчы Леніна. Паводле матэрыялаў справы, актывіст трымаў бел-чырвона-белы сьцяг і выказваўся супраць дзейнай улады.
Судзілі Цурпанава праз скайп. Актывіст, перад тым як пачаўся працэс, заявіў, каб яму далі перакладчыка, а калі судзьдзя ўзялася разглядаць справу, не адрэагаваўшы на ягоную заяву, жорстка выказаўся пра яе. Вікторыя Палякова палічыла паводзіны абвінавачанага непавагай да суду, аштрафавала яго і пазбавіла ўдзелу ў працэсе.
На 20 сутак Цурпанава асудзілі за тое, што 1 верасьня ён прыйшоў на лінейку ў 43-ю магілёўскую школу і заклікаў пэдагогаў, якія працавалі ў выбарчых камісіях, прызнаць факты фальсыфікацыі выбараў ды «пакаяцца, стаўшы на калені».
Актывіста прызналі вінаватым у дробным хуліганстве і непадпарадкаваньні службовай асобе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аднаго зь лідэраў магілёўскіх пратэстаў арыштавалі на 20 сутак