9 верасьня Міністэрства інфармацыі вынесла чарговае папярэджаньне парталу Tut.by — за артыкул «Да рэдактара Tut.by прыйшлі сілавікі. На яе дачку завялі крымінальную справу аб масавых беспарадках», паведамляе партал.
У лісьце Міністэрства інфармацыі гаворыцца, што на Валерыю Ўласік крымінальную справу не заводзілі, а ператрус правялі «ў мэтах праверкі атрыманай інфармацыі аб датычнасьці яе да арганізацыі масавых беспарадкаў, якія адбываюцца на тэрыторыі гораду Менску», у рамках сьледчых дзеяньняў па крымінальнай справе.
Аднак людзі, якія прад’явілі Галіне і Валерыі Ўласік пастанову на ператрус, заявілі, што Валерыю падазраюць у зьдзяйсьненьні крымінальнага злачынства па артыкуле 293 КК РБ «Масавыя беспарадкі», адзначае Tut.by. Тое ж самае пасьпела сказаць Валерыя журналістам, калі сядала ў машыну, на якой яе павезьлі ў РУУС.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінінфарм вынес Tut.by другое папярэджаньне цягам году. Праца парталу пад пагрозайНа працягу дня 8 верасьня журналісты Tut.by неаднаразова спрабавалі ўдакладніць статус Валерыі Ўласік у Сьледчым камітэце, аднак там сытуацыю так і не растлумачылі. Затое ў Міністэрства інфармацыі, як вынікае з папярэджаньня парталу, зьвесткі накіравалі.
Папярэдняе папярэджаньне ТАА «Тут бай медыа» атрымала 7 верасьня, яшчэ адно — 7 жніўня. У адпаведнасьці з Законам аб СМІ, у выпадку вынясеньня ўладальніку сеткавага выданьня двух і больш пісьмовых папярэджаньняў на працягу году доступ да сеткавага выданьня можа быць абмежаваны. Рашэньне аб гэтым прымае Міністэрства інфармацыі Беларусі.