Міністэрства інфармацыі Беларусі 7 верасьня вынесла пісьмовае папярэджаньне парталу Tut.by з фармулёўкай «за распаўсюд недакладнай інфармацыі, якая можа нанесьці шкоду дзяржаўным або грамадзкім інтарэсам».
Папярэджаньне зьвязанае з артыкулам аб прэміях праваахоўнікам па рэзанансных справах. 25 жніўня 2020 году на сайце FINANCE.TUT.BY быў апублікаваны артыкул пад назвай «Камітэт дзяржкантролю зможа выплаціць буйныя прэміі работнікам, якія праявяць сябе ў рэзанансных справах».
У ім была ненаўмысная памылка — няправільна былі пазначаныя памеры прэмій, якімі кіраўніцтва Камітэту дзяржкантролю і органаў фінансавых расьсьледаваньняў змогуць фінансава заахвочваць сваіх работнікаў, якія бралі актыўны ўдзел у выяўленьні, выкрыцьці, абясшкоджваньні і затрыманьні асоб, якія ўчынілі найбольш небясьпечныя і рэзанансныя злачынствы.
У матэрыял былі ўнесеныя зьмены, як толькі рэдакцыя даведалася, што няправільна назвалі памеры прэмій.
Паводле Закону аб СМІ выпуск сродкаў масавай інфармацыі можа быць прыпынены на тэрмін да трох месяцаў рашэньнем рэспубліканскага органа дзяржкіраваньня, калі выданьне не ліквідуе парушэньні, якія паслужылі падставай для вынясеньня пісьмовага папярэджаньня, альбо не даложыць пра гэта ў Мінінфарм. Тэрмін выкананьня, названы ў папярэджаньні, — 9 верасьня.
Ранейшае папярэджаньне Tut.by атрымаў месяц таму — 7 жніўня. У адпаведнасьці з Законам аб СМІ ў выпадку вынясеньня ўладальніку сеткавага выданьня двух і больш пісьмовых папярэджаньняў на працягу году доступ да выданьня можа быць абмежаваны. Рашэньне аб гэтым прымае Мінінфарм.