Прэсавы сакратар і сябра Каардынацыйнай рады Антон Раднянкоў і Іван Краўцоў 9 верасьня ў Кіеве далі інтэрвію ўкраінскай службе Радыё Свабода. Што яны расказалі?
Пра ціск на сяброў Каардынацыйнай рады
Прадстаўнікі Каардынацыйнай рады паведамілі, што ўлады Беларусі выкарыстоўваюць некалькі спосабаў ціску на актывістаў, у тым ліку і прымусовы выезд за межы краіны. Але пасьля няўдалай спробы выціснуць Марыю Калесьнікаву зь Беларусі гэты інструмэнт наўрад ці будуць выкарыстоўваць зноў.
«Сумнеўна. Цяпер наўрад ці такія схемы будуць выкарыстоўвацца», — мяркуе Іван Краўцоў.
Антон Раднянкоў дадаў, што ўлады цяпер усё больш актыўна выкарыстоўваюць крымінальны перасьлед:
«Улада выкарыстоўвае розныя мэтады для розных людзей, у залежнасьці ад таго, што, на іхную думку, будзе больш эфэктыўным».
Паводле яго, вывезьлі толькі некалькіх чалавек, усе іншыя сядзяць у турме.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алексіевіч: «Замест выдраных з нашых шэрагаў прыйдуць сотні іншых»Як далей будзе дзейнічаць Каардынацыйная рада
Іван Краўцоў і Антон Раднянкоў перакананыя, што ўлада ня зможа спыніць дзейнасьць Каардынацыйнай рады, нягледзячы на тое, што большасьць сяброў яе прэзыдыюму арыштавалі.
«Асноўны склад Каардынацыйнай рады — 70 асобаў, а пашыраны склад — 5 тысяч. І гэтыя людзі не арыштаваныя», — сказаў Іван Краўцоў.
Антон Раднянкоў дадаў, што да працы ў радзе далучыліся прадстаўнікі культуры, вядомыя спартоўцы, бізнэсоўцы, эканамісты і палітыкі. Паводле яго, улада затрыманьнямі і арыштамі хоча прадэманстраваць сьвету, што ў Беларусі няма з кім весьці дыялёг:
«І такая пазыцыя дзяржавы толькі пагаршае сытуацыю, у тым ліку і для ўлады».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску затрымалі адваката Ільлю Салея, — Каардынацыйная радаШто зьбіраюцца рабіць Краўцоў і Радянкоў ва Ўкраіне
Іван Краўцоў і Антон Радянкоў плянуюць правесьці шэраг сустрэч у Кіеве, а потым наведаць шэраг іншых краін.
«Зараз мы настроеныя на тое, каб аднавіць больш актыўную дзейнасьць. Асноўная задача — падтрымліваць адзін аднаго, бо тое, што адбываецца (у Беларусі) — гэта ня той працэс, які можна лёгка каардынаваць ці арганізаваць штучна. Гэта вельмі трывалы працэс, які фармаваўся паступова — мянялася грамадзтва, былі эканамічныя перадумовы, была сытуацыя з каранавірусам, і гэта стала асновай пратэстаў. Людзі павінны бачыць, што ёсьць каму іх падтрымаць», — патлумачыў Іван Краўцоў.
Антон Раднянкоў дадаў, што цяпер, калі ў Беларусі пратэсты адбываюцца дэцэнтралізавана, улада не пасьпявае адрэагаваць адразу на ўсе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Марыя Калесьнікава знайшлася ў менскім СІЗА на вуліцы Валадарскага
Пра вяртанне ў Беларусь
Прадстаўнікі Каардынацыйнай рады дадалі, што плянуюць вярнуцца ў Беларусь.
«Мы ўжо разумеем, як мы хочам гэта зрабіць і рэалізаваць. І, магчыма, у наступныя некалькі тыдняў мы і паспрабуем вярнуцца ў Беларусь», — сказаў Антон Раднянкоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрымалі Максіма Знака з Каардынацыйнай радыЯк Краўцова і Радянкова выгналі зь Беларусі
8 верасьня прэсавы сакратар і сябра Каардынацыйнай рады Антон Раднянкоў і Іван Краўцоў пасьля затрыманьня 7 верасьня ў Менску пад прымусам выехалі зь Беларусі ва Ўкраіну.
Спэцыяльныя службы Беларусі плянавалі выезд і Марыі Калесьнікавай, але тая ўцякла з аўтамабіля ўжо па дарозе да мяжы з Украінай, парваўшы свой пашпарт на дробныя шматкі.
Увечары Антон Раднянкоў і Іван Краўцоў на прэсавай канфэрэнцыі ў Кіеве паведамілі падрабязнасьці іхнага затрыманьня і перамяшчэньня на мяжу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я ня ведаў, што мяне чакае далей». Краўцоў і Раднянкоў расказалі, як іх затрымалі і вывезьлі ва Ўкраіну