Клюбу плаваньня Аляксандры Герасімені не працягваюць дамову арэнды за яе палітычную пазыцыю 

Аляксандра Герасіменя

Шматразовая прызэрка Алімпійскіх гульняў Аляксандра Герасіменя заявіла, што за яе палітычную пазыцыю клюбу плаваньня не падпісваюць дамовы арэнды.

«Школа № 2 не плянуе падпісваць з намі дамову і ўжо запаўняе групы сваімі дзецьмі са школы. У такой сытуацыі мы апынуліся з прычыны нашай палітычнай пазыцыі, якая палягае ў тым, што мы не падтрымліваем гвалт і дзейны рэжым», — Tut.by зьмясьціла відэазварот спартоўкі да бацькоў, чые дзеці займаюцца ў клюбе.

«На гэты момант клюб знаходзіцца пад санкцыяй упраўленьня адукацыі Фрунзэнскага раёну, дзе нам не падпісваюць арэнды і не даюць магчымасьці працаваць. Мы разумеем, што дзеці абсалютна ні пры чым, яны апынуліся крайнімі, хоць кіраўніцтва і магло праявіць чалавечыя якасьці. На жаль, яны іх не праявілі і нашы дзеці апынуліся за бортам», — канстатуе яна.

Аляксандра Герасіменя адзначае, што бацькі маюць права падаць калектыўную скаргу ва ўпраўленьне адукацыі. Ад сябе дадае, што не зьбіраецца здавацца і працягне змагацца за парушаныя правы — свае, дзяцей і бацькоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вядомыя беларускія спартоўцы заклікалі калегаў аб’яднацца і падтрымаць пратэсты

Раней вядомая плыўчыха падпісала ліст спартоўцаў з патрабаваньнямі да ўлады, а таксама зьвярнулася да калегаў зь вершам «Па чым тваё сумленьне?». Яна неаднаразова ўдзельнічала ў «Маршах адзінства» ў Менску, ідучы ў калёне разам зь іншымі ўганараванымі атлетамі.