«Галоўнае — выцягнуць яго адтуль». Інвалід шукае дапамогі арыштаванаму пасьля пратэстаў брату-блізьнюку

Ілюстрацыйнае фота. Затрыманьні падчас пратэстаў у Менску

Студэнта БДУІР Мікалая Сасева ўжо больш як тры тыдні трымаюць у розных вязьніцах Менску: спачатку ў СІЗА КДБ, цяпер у менскім ізалятары на вуліцы Валадарскага. Пра гэта Свабодзе паведаміў ягоны брат Рыгор Сасеў, якому праблемы са здароўем перашкаджаюць дапамагаць брату як мае быць.

«Мы з братам двайняты, розныя зьнешне, але думаем падобна. Я за яго вельмі перажываю», — кажа Рыгор Сасеў.

Паводле Рыгора, ягонага брата трымаюць як падазронага ў арганізацыі масавых беспарадкаў, хоць абвінавачаньня яшчэ ня выставілі.

«Брат не вярнуўся дамоў 13 жніўня, ён быў у сьпісах зьніклых, потым знайшоўся ў „амэрыканцы“. А недзе з 17 жніўня ён у СІЗА на Валадарскага. Адтуль напісаў, што яго падазраюць у арганізацыі масавых беспарадкаў, хоць ён у гэтым не вінаваты», — кажа Рыгор Сасеў.

Хлопец не адмаўляе, што ягоны брат хадзіў на дэманстрацыі пратэсту, але ня бачыць у гэтым злачынства.

«Брат нічога не арганізоўваў. Проста ён аказаўся знаёмым чалавека, такі Ярмолаў, якога трымаюць у СІЗА КДБ таксама нібыта як арганізатара пратэстаў. Мікалай вельмі добры чалавек. Мы жывём без бацькоў, нас выхавала бабуля, ёй ужо за 80. Я не працую, фактычна ў нашай сям’і ўсё трымаецца на ім. Галоўнае для нас — выцягнуць яго адтуль», — сказаў Свабодзе Рыгор Сасеў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прабітае лёгкае, ЧМТ, паламаная рабрына. Як затрымлівалі ўладальніка школы танцаў

Кіраўніка школы танцаў Ігара Ярмолава, зь якім нібыта знаёмы Мікіта Сасеў, затрымалі ва ўласнай кватэры 12 жніўня. У выніку затрыманьня ў яго прабіта лёгкае, паламанае рабро, чэрапна-мазгавая траўма і гематомы на ўсім целе.

12 жніўня маці Ігара Ярмолава Сьвятлана Іванаўна страціла сувязь з сынам, абодва ягоныя тэлефоны зрабіліся недасяжнымі. Ігара ўдалося знайсьці толькі празь дзень дзякуючы адвакатам. Ён значыўся ў сьпісах СІЗА КДБ, але знайшоўся ў вайсковым шпіталі ў цяжкім стане.

Ігар быў валянтэрам штабу Віктара Бабарыкі, пасьля заканчэньня БДУ мог працаваць у ІТ, але вырашыў займацца танцамі. Ён стварыў школу танцаў Dance Cafe.

Мікалаю Сасеву 25 год, ён студэнт-завочнік Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту інфарматыкі і радыёэлектронікі. Зь лістоў брата з «Валадаркі» Рыгор зрабіў выснову, што ўмовы ўтрыманьня ў яго дрэнныя.

«Піша, што ў камэры няма чым дыхаць, там шмат кураць, а ён цыгарэтнага дыму не пераносіць», — кажа Рыгор Сасеў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Паводле яго, лісты ад брата зь СІЗА прыходзяць рэгулярна, да яго даходзяць перадачы.

Свабода пагаварыла зь дзяўчынай Мікалая Сасева, якая пацьвердзіла ўсе зьвесткі пра яго, атрыманыя ад брата Рыгора. У тым ліку суразмоўца пацьвердзіла імя знаёмага, якога таксама падазраюць у арганізацыі масавых беспарадкаў і трымаюць, паводле яе, у СІЗА КДБ.

«Гэта Ігар Ярмолаў, які быў у штабе Віктара Бабарыкі. Ён пасьля затрыманьня трапіў у шпіталь, а цяпер у „амэрыканцы“. Наколькі ведаю, яны проста былі знаёмыя. Ад адваката пра справу Мікалая нам амаль нічога не вядома, спасылаецца, што даў падпіску», — сказала дзяўчына Мікалая Сасева.