Таварыствам уласьнікаў дамоў № 3 на Смаргоўскім тракце і № 62 на вуліцы Чарвякова (гэта суседнія будынкі) выпісалі штрафаў на 6750 рублёў кожнаму — ад раённай санітарнай службы. Пра гэта паведамілі жыхары кварталу, піша Tut.by.
З пастановы галоўнага санітарнага лекара Цэнтральнага раёну Менску Аляксандра Сярэдзіча вынікае, што 7 верасьня падчас праверкі Цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі ў «Доме ля возера» (Смаргоўскі тракт, 3) санітарны ўрач выявіў парушэньне «пэрыядычнасьці вызначэньня працы вэнтыляцыйных установак» — яго праводзяць радзей, чым раз на 3 гады. За парушэньне таварыству ўласьнікаў выпісалі штраф па арт. 16.8 КаАП — 6750 рублёў.
Падобная гісторыя — з домам № 62 па Чарвякова. Там знайшлі такое самае парушэньне і выпісалі такі самы штраф.
Старшыня абодвух таварыстваў — Вольга Ціхановіч. Яна працуе тут 1,5 года, цяпер зьвязваецца з папярэднім старшынём — удакладніць, ці сапраўды да яе прыходу (пасьля траўня 2017 году) не было патрэбнага абсьледаваньня па вэнтыляцыйных устаноўках.
«Па санітарных нормах і ўтрыманьні дамоў у нас усё добра, за выключэньнем вось гэтага выяўленага парушэньня. Пакуль я зьбіраю інфармацыю, разьбіраюся. Калі будуць нейкія новыя зьвесткі — будзем апратэстоўваць прадпісаньні. Але калі парушэньне — значыць, парушэньне», — кажа Вольга Ціхановіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дваровыя чаты як разбуральнікі аўтарытарызмуПаводле яе, апошнім часам праверкі ў таварыствах пачасьціліся: правяраюць МНС, адміністрацыя раёну, санітарная служба.
«Вядома, я гэта зьвязваю з пазыцыяй двара. Раней праверкі прыходзілі да нас вельмі рэдка. У нас усё ў парадку, таму што мы за свае грошы самі абслугоўваем дамы», — кажа Вольга.
Калегу Вольгі, старшыню таварыства ўласьнікаў дома № 1 па Смаргоўскім тракце, таксама выклікалі 8 верасьня ў санстанцыю. Пакуль невядома, ці выдадуць і яму прадпісаньне пра штраф.
Менавіта ў двары на Смаргоўскім тракце — Чарвякова знаходзіцца знакаміты мурал з «дыджэямі пераменаў», які пэрыядычна зафарбоўваюць камунальныя службы, а жыхары раз за разам адмываюць. На вокнах дамоў у двары — нямала бел-чырвона-белых сьцягоў, у двары — таксама, сілавікі ўжо неаднойчы прыяжджалі сюды здымаць стужкі і сьцягі. Учора ў «двор пераменаў» прыяжджалі акторы Купалаўскага тэатру, пасьля гэтага двух жыхароў двара затрымалі і павезьлі ў РУУС. Днём 8 верасьня іх адпусьцілі.
Наконт прэтэнзій да бел-чырвона-белых сьцягоў на дамах Вольга Ціхановіч кажа, што ў МНС іх папярэдзілі, што тканіну на агульнадамавых бальконах, дзе ёсьць праходы да незадымляльных лесьвіц, вешаць нельга, і жыхары перасталі вешаць там сьцягі. А што тычыцца сьцягоў у кватэрах — «гэта іх права», кажа старшыня таварыства ўласьнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дваровыя чаты: каму гэта патрэбна і чаму варта думаць пра бясьпеку