Намесьнік міністра ўнутраных спраў Украіны Антон Герашчанка заявіў, што выезд сяброў Каардынацыйнай рады Антона Раднянкова і Івана Краўцова ня быў добраахвотным: «Гэта было прымусовае выгнаньне з роднай краіны».
«Марыю Калесьнікаву ня выслалі зь Беларусі, таму што гэтая сьмелая жанчына зрабіла немагчымым перамяшчэньне яе празь мяжу. Яна засталася на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Аляксандар Лукашэнка нясе асабістую адказнасьць за яе жыцьцё і здароўе», — напісаў Антон Герашчанка на сваёй старонцы ў Facebook.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калесьнікава пры спробе гвалтоўнага вывазу зь Беларусі парвала свой пашпарт, — «Інтэрфакс-Украіна»
У сваю чаргу прэсавы сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка зьняпраўдзіў пашыраную беларускімі дзяржаўнымі СМІ інфармацыю аб затрыманьні Антона Раднянкова і Івана Краўцова:
«Я не пацьвярджаю інфармацыю пра іхнае затрыманьне ва Ўкраіне. Цяпер, як мы паведамлялі раней, яны праходзяць памежны кантроль згодна з украінскім заканадаўствам».
Дзяржаўнае агенцтва БелТА са спасылкай на памежны камітэт Беларусі напісала, што Антон Раднянкоў і Іван Краўцоў затрыманыя «ў рамках узаемадзеяньня» на тэрыторыі Ўкраіны.
Прэсавы сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Беларусі Антон Бычкоўскі заявіў Свабодзе, што, паводле ягонай інфармацыі, Краўцоў і Раднянкоў сапраўды затрыманыя на ўкраінскім баку. На тое, што ўкраінскі бок гэта абвяргае, Бычкоўскі адказаў: «Яны прайшлі беларускую мяжу ў 4 гадзіны раніцы, да гэтага часу яны не прайшлі ўкраінскай мяжы, з гэтага можна зрабіць выснову, што іх затрымалі».
Пасьля 12-й гадзіны Антон Раднянкоў і Іван Краўцоў пакінулі ўкраінскі пункт пропуску і паехалі на тэрыторыю Ўкраіны.
Сьвятлана Ціханоўская выказалася пра затрыманьне Марыі Калесьнікавай
«Марыя Калесьнікава павінна быць вызваленая неадкладна, як і ўсе раней затрыманыя сябры Каардынацыйнай рады і палітвязьні. Задача Каардынацыйнай рады – быць плятформай для перамоваў. Іншага рашэньня няма, і Лукашэнка павінен гэта ўсьвядоміць. Нельга трымаць народ у закладніках. Выкрадаючы людзей сярод дня, Лукашэнка дэманструе сваю слабасьць і страх», — заявіла Сьвятлана Ціханоўская.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памежны камітэт: Калесьнікаву затрымалі на мяжы з Украінай. Крыніца: яна парвала пашпарт пры спробе вывазуМагчымасьць пазбаўленьня грамадзянства можа быць адным з новаўвядзеньняў «канстытуцыйнай рэформы»
Так лічыць аглядальнік Свабоды Сяргей Навумчык.
«Высылка (будзем называць рэчы сваімі імёнамі) за межы краіны сяброў Каардынацыйнай рады Калесьнікавай, Краўцова і Раднянкова, а перад гэтым Ціханоўскай, і забарона на ўезд мітрапаліту Кандрусевічу адкрываюць новы этап аўтакратыі ў Беларусі. Цяпер любога няўгоднага ўладзе можна выкінуць за мяжу, як рабіла гэта КДБ часоў Андропава. Альбо не ўпусьціць (што, найхутчэй, адбудзецца і з Латушкам).
Усе вышэйназваныя маюць беларускае грамадзянства, і такія дзеяньні спэцслужбаў адназначна антыканстытуцыйныя.
Наступным крокам у тым, што на сучасным слэнгу атрымала назоў „прабіць дно“, можа быць пазбаўленьне няўгодных грамадзянства. Пакуль што гэта забаронена Канстытуцыяй, але можна чакаць, што падчас „канстытуцыйнай рэформы“ гэтая нязручнасьць будзе ліквідаваная», — лічыць аглядальнік Свабоды Сяргей Навумчык.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Інструкцыі мне можа даваць папа Рымскі». Расказ арцыбіскупа Кандрусевіча, якога не ўпусьцілі ў краінуНапярэдадні, раніцай 7 верасьня, СМІ са спасылкай на відавочцаў паведамілі, што Калесьнікаву невядомыя людзі каля Нацыянальнага мастацкага музэю пасадзілі ў мікрааўтобус з надпісам «Сувязь» і павезьлі ў невядомым кірунку. Сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Павал Латушка, у сваю чаргу, паведаміў «Інтэрфаксу», што Калесьнікава, магчыма, затрыманая. У сваю чаргу, у ГУУС Менгарвыканкаму «Інтэрфаксу» заявілі, што «менская міліцыя не затрымлівала» Калесьнікаву. У МУС Беларусі таксама адказалі, што не валодаюць інфармацыяй аб яе затрыманьні.
7 верасьня зьнікла сувязь і з выканаўчым сакратаром Каардынацыйнай рады Іванам Краўцовым. У ягонай кватэры правялі ператрус прадстаўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў. Неўзабаве зьнікла сувязь і з Антонам Раднянковым.
5 верасьня сілавікі вывезьлі ў Польшчу сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Вольгу Кавалькову. За дзень да гэтага яе другі раз запар асудзілі на адміністрацыйны арышт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Латушка расказаў пра вяртаньне ў Беларусь11 жніўня пайшла ў ЦВК і не вярнулася экс-кандыдатка ў прэзыдэнты Сьвятлана Ціханоўская. Пазьней стала вядома, што сілавікі яе вывезьлі ў Літву.
Зь сямі сяброў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады ў Беларусі і на волі засталіся толькі двое: юрыст Максім Знак і нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская выступае ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. УЖЫВУЮ