Сябры прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Павал Латушка і Вольга Кавалькова 7 верасьня выступілі на прэс-канфэрэнцыі ў Варшаве.
Паводле Латушкі, беларускія спэцслужбы паставілі яго перад выбарам: або ён зьяжджае з краіны, або супраць яго завядуць крымінальную справу.
«Вы чулі выказваньні дзейнага кіраўніка краіны, што ёсьць і крымінальная справа і што я буду адказваць. Маё вяртаньне будзе значыць магчымае затрыманьне, але я маю намер вярнуцца. Не зьбіраюся прасіць палітычнага прытулку ані ў Польшчы, ані ў Літве», — сказаў Латушка.
Латушка заявіў, што яны плянуюць узмацніць міжнародную дзейнасьць Каардынацыйнай рады, каб беларусы, якія выходзяць пратэставаць, не адчувалі сябе кінутымі міжнароднай супольнасьцю.
«Зараз чатыры прадстаўнікі Каардынацыйнай рады знаходзяцца за мяжой. Два — за кратамі. На волі застаецца толькі адзін Максім Знак», — сказаў Латушка.
Вольга Кавалькова расказала, як яе вывозілі ў Польшчу. Паводле яе, пасьля 10 сутак арышту ў Жодзіне яе перавялі на Акрэсьціна, дзе прысудзілі яшчэ 15 сутак па адміністрацыйнай справе. Пры гэтым Кавалькова не сказала пра судовы працэс па гэтай справе, а паведаміла, што пра арышт ёй сказаў супрацоўнік Цэнтральнага РУУС.
«Я кепска сябе адчувала, папрасіла хуткую дапамогу. Але прыйшлі з КДБ, сказалі, што ваш арышт будзе працягвацца па 15 сутак і ня можам гарантаваць бясьпеку, альбо мы вас вывозім за мяжу. [...] Мяне апранулі ў байку і маску, пасадзілі на задняе сядзеньне. Я ня ведала, у якім кірунку мы рухаемся. Потым прыехалі на мяжу. Мае рэчы былі ў супрацоўніка КДБ. Гэта ёсьць на відэа, якое круцілі на БТ. Мне выдалі пашпарт і даведку, што я перахварэла на каранавірус, хоць я ніякага тэсту не праходзіла. Потым загадалі выклікаць таксоўку, каб мяне падвезьлі да нейкага гораду», — сказала Кавалькова.
Павал Латушка выехаў у Польшчу 2 верасьня на запрашэньне арганізатараў эканамічнага форуму ў Крыніцы Гурскай.
Сябру прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Вольгу Кавалькову ў ноч на 5 верасьня сілавікі вывезьлі на беларуска-польскую мяжу, цяпер яна ў Варшаве.