Літоўскія дэпутаты заклікалі вызваліць мірных грамадзян у Беларусі і правесьці новыя выбары

Сэйм Літвы

Група літоўскіх дэпутатаў зьвярнулася ў амбасаду Беларусі ў Вільні з заклікам неадкладна вызваліць удзельнікаў пратэстаў і правесьці новыя выбары.

«Мы, члены літоўскага Сэйму, патрабуем неадкладнага вызваленьня ўдзельнікаў мірных акцый пратэсту і іншых мірных грамадзян, выкрадзеных невядомымі сёньня, учора і ў папярэднія дні ў Беларусі. Патрабуем вызваліць прадстаўнікоў СМІ, акадэмічнай супольнасьці, грамадзкіх аб’яднаньняў і рухаў, у тым ліку актыўнага крытыка праекту Беларускай АЭС, эколяга, сябра рады арганізацыі „Экадом“ Ірыну Сухій, а таксама аднаго зь лідэраў пратэсту Марыю Калесьнікаву», — гаворыцца ў заяве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выкралі Калесьнікаву. Судзяць затрыманых на нядзельным маршы. Што адбываецца на 30-ы дзень пратэстаў

Раней сёньня міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус заявіў, што выкраданьне Калесьнікавай — ганьба, і яна павінна быць неадкладна вызвалена.

«Замест таго каб мець зносіны з жыхарамі Беларусі, улада, якая сыходзіць, спрабуе цынічна ўстараняць аднаго за адным. Выкраданьне М. Калесьнікавай у цэнтры Менску — ганьба, — напісаў Лінкявічус у сваім твітэры. — У 21 стагодзьдзі прымяняюцца сталінскія мэтады НКВД. Яна павінна быць неадкладна вызвалена».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Нямеччыны і Вялікай Брытаніі занепакоеныя лёсам Марыі Калесьнікавай