МЗС Нямеччыны і Вялікай Брытаніі занепакоеныя лёсам Марыі Калесьнікавай

Марыя Калесьнікава, 29 жніўня

Кіраўнік МЗС ФРГ Гайка Маас зноў папярэдзіў Аляксандра Лукашэнку ў сувязі з паведамленьнямі аб падаўленьні пратэстаў у Беларусі.

«Калі Лукашэнка ня зьменіць свой курс, мы будзем рэагаваць», — напісаў нямецкі міністар у сваім твітэры.

Паводле яго, Эўразьвяз «актыўна працуе над пакетам санкцыяў» і занепакоены лёсам апазыцыянэркі Марыі Калесьнікавай.

«Мы вельмі турбуемся за спадарыню Калесьнікаву. На апазыцыю, гатовую да дыялёгу, накочваюцца адна за адной хвалі рэпрэсіяў, гэта непрымальна», — адзначыў Маас.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Марыю Калесьнікаву невядомыя выкралі ў цэнтры Менску. Зьнікла сувязь з двума яе паплечнікамі

«Сур'ёзна занепакоены сытуацыяй з Марыяй Калесьнікавай», – заявіў Дамінік Рааб, міністар замежных спраў Вялікай Брытаніі.

«Рэжым Лукашэнкі павінен зрабіць яе бясьпечнае вяртаньне сваім галоўным прыярытэтам. Рэжым павінен спыніць жорсткае абыходжаньне з дэманстрантамі, вызваліць палітвязьняў і пачаць дыялёг з апазыцыяй», — сказаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Беларусі шукаюць «зьнешнюю пагрозу», каб расправіцца з пратэстоўцамі, — кіраўнік МЗС Літвы

У панядзелак раніцай СМІ са спасылкай на відавочцаў паведамілі, што «Калесьнікаву раніцай 7 верасьня каля Нацыянальнага мастацкага музэю невядомыя людзі пасадзілі ў мікрааўтобус з надпісам „Сувязь“ і павезьлі ў невядомым кірунку». Член прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Павал Латушка, у сваю чаргу, паведаміў Інтэрфаксу, што Калесьнікава, магчыма, затрыманая.

У сваю чаргу, у ГУУС Менгарвыканкаму Інтэрфаксу заявілі, што «менская міліцыя не затрымлівала» Калесьнікаву. У МУС Беларусі таксама адказалі, што не валодаюць інфармацыяй аб яе затрыманьні.