Не магу маўчаць. „Як можна працаваць у Адміністрацыі прэзыдэнта пасьля таго, што адбылося на Акрэсьціна“

„Не магу маўчаць“ — словы, якімі тлумачаць свой сыход зь дзяржаўнае працы людзі самых розных прафэсіяў. Калі вы адзін зь іх, напішыце нам пра сваю гісторыю і сваё рашэньне на адрас: radiosvaboda@gmail.com

Менскаму музыку Яўгену Кулічкіну яшчэ нядаўна мусілі б зайздросьціць ягоныя аднакурсьнікі з Унівэрсытэту культуры і мастацтваў. Пагадзіцеся, празь некалькі гадоў пасьля дыплёму трапіць не ў музычную школу, ня ў дом культуры аграгарадка, а быць запрошаным у прэзыдэнцкі аркестар — удача, якая рэдка каму ўсьміхаецца. Раскошныя ўмовы для рэпэтыцый, высокапрафэсійныя калегі, разнастайны рэпэртуар, добры заробак, абласканасьць уладай. Але нічога зь пералічаных плюсаў і профітаў не стрымала ўдачлівага музыку. Хоць ён ня граў у тым аркестры першую скрыпку, і на ягоныя партыі ўжо знайшлі выканаўцу, ягоны галоўны канцэрт, упэўнены ён, яшчэ наперадзе.

Яўген Кулічкін

— Я нарадзіўся ў 1993 годзе, і ўсё маё жыцьцё прайшло пры адным кіраўніку. Зь дзяцінства гэта было як дадзенасьць. Я жыву ў Беларусі, ёй кіруе Аляксандар Лукашэнка. Нават не ўзьнікала думкі, што можа быць нейкі іншы кіраўнік. Бо ён заўсёды. І калі табе тры годзікі, і калі табе ўжо 12. Але з гадоў шаснаццаці я пачаў задумвацца. І заўважаць тыя рэчы, якія мяне не задавальняюць. Стагнацыю, абясцэньваньне грошай, зьніжэньне якасьці жыцьця. Усё, што выдаецца за стабільнасьць.

Гітарай я пачаў займацца сур’ёзна з 16і гадоў. У рок-музыцы гэта галоўны інструмэнт. Я нарадзіўся гадоў на 50 пазьней, чым трэба было. Мне падабаецца гук гітары. Мне падабаецца, як яна адчуваецца ў руках. Таму я вырашыў сваё жыцьцё прысьвяціць ігры на гітары. Я вельмі шмат слухаю музыкі. Шмат гітарыстаў мяне натхняюць. Але ўлюбёны музыка — Джымі Гэндрыкс.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Актор Віктар Манаеў ды іншыя зоркі пакінулі Купалаўскі тэатар

У каледж імя Глінкі я паступіў у 2010 годзе, калі здарылася Плошча. І я зразумеў, што мяне не хвалюе эканамічная палітыка ці замежная палітыка. Але той разгон на мяне паўплываў. Так абыходзіцца зь людзьмі нельга. Пад маркай стабільнасьці табе спрабуюць давесьці, што ты мусіш быць паслухмяным і не задаваць лішніх пытаньняў.

Сваю кар’еру я пачаў у музычным тэатры. Працаваў і вучыўся ва Ўнівэрсытэце культуры. І ў 2019 годзе мой сябра мне паведаміў, што шукаюць гітарыста ў прэзыдэнцкі аркестар, ці не жадаю паспрабаваць. Прайшоў кастынг, спадабаўся. І мяне туды ўзялі. На пачатку 2020 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гімнастка Меліціна Станюта: «Я проста не магла маўчаць»

Што такое прэзыдэнцкі аркестар? Ён нядрэнны. Але ўсё пазнаецца ў параўнаньні. Калі яго параўнаць з амэрыканскімі топавымі біг-бэндамі, дык ён выглядае сьціпла. Але ж у Беларусі ён уваходзіць у тройку найлепшых. Гэта моцны аркестар, які робіць сваю справу, і робіць яе добра. Асноўная справа прэзыдэнцкага аркестра – афіцыйныя мерапрыемствы, у якіх удзельнічае прэзыдэнт, Акадэмія кіраваньня пры прэзыдэнце. Але ж аркестар дае свае канцэрты. Рэпэртуар не складаецца з аднаго гімна. Ёсьць некалькі праграм: джазавая, рок-праграма, ёсьць клясычны рэпэртуар. Мне як музыку было цікава там працаваць. Бо рэпэртуар вельмі разнастайны і патрабуе ад цябе быць у форме ў любым стылі. Бо ў кожнага стылю ёсьць свае законы, якія трэба ведаць, пастаянна іх удасканальваць, каб гучала аўтэнтычна. Апошнім часам мы гралі онлайн-канцэрты на VOKA, выступалі на «Славянскім базары», ігралі на адкрыцьці новага фантана на Сьвіслачы.

Нам не забаранялася выказваць сваю пазыцыю пасьля працы. Ёсьць жорсткая пазыцыя наконт таго, што праца працай, вольны час — вольным часам. І я вырашыў для сябе, пасьля таго, што здарылася 9 жніўня... Што я ня здолею там працаваць. Некалькі маіх сяброў трапілі на Акрэсьціна, нехта трапіў у Жодзіна. Я перад сабой не магу... За пайку працаваць. Маіх сяброў білі дубінкамі амапаўцы, а я павінен рабіць выгляд, што ўсё добра? Таму, што мне плацяць?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Было крыху страшна». Супрацоўнік Адміністрацыі прэзыдэнта звольніўся ў знак пратэсту

Я «па ўласным жаданьні» напісаў заяву. Мне яе падпісалі. Звольніўся безь ніякіх наступстваў. Я не шкадую. Лічу, што чалавек павінен у першую чаргу заставацца чалавекам, а потым ужо вырашаць, есьці яму хлеб з маслам ці без. Шкадую толькі аб адным. Гэта была прыемная праца. Там прыемныя ўмовы. Там добрыя хлопцы ў калектыве. Калі б гэта быў проста нейкі аркестар, я б, можа, змог там працаваць. Але ж калі гэта прэзыдэнцкі аркестар, пасьля таго, што адбылося, я лічу, няма трэцяй пазыцыі. Альбо ты гэта прымаеш, альбо выступаеш супраць. Таму ў мяне быў адзіны выхад — звольніцца. І я звольніўся.

Калегі паставіліся па-рознаму. Нехта сапраўды падтрымлівае прэзыдэнта. Ня бачу ў гэтым нічога дрэннага. Калі ты мне аргумэнтавана можаш растлумачыць, чаму ты за яго, я ня бачу прычын лічыць цябе вар’ятам. Нехта казаў: малайчына, ты маеш рацыю. У менскіх музыкаў ня шмат стабільнай працы. Таму ў многіх, хто там працуе, ёсьць дзеці, ёсьць крэдыты. А пасьля пандэміі яшчэ ж уся праца ў рэстаранах і на карпаратывах раптоўна зьнікла. Апошнія паўгода прэзыдэнцкі аркестар быў адзіным сродкам існаваньня. Таму я разумею тых, хто гэтага не падтрымлівае, але ня мае магчымасьці сысьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Маёр юстыцыі звольнілася зь Сьледчага камітэту праз «актыўную грамадзянскую пазыцыю»

Я пакуль не прасіў ні ў кога дапамогі. Бо не лічу, што зрабіў нешта экстраардынарнае. Я не прадстаўнік сілавых структур. Калі я там ня буду працаваць, нічога ня зьменіцца. Я не лупцаваў дубінкай нікога. Я не працаваў у нейкім уладным ведамстве. І не лічу свой учынак геройскім. Таму ў нейкія фонды я пакуль не зьвяртаўся. І я не жадаю проста так атрымліваць грошы. Вось такі я прыгажун, з гітарай звольніўся, давай мне катлету. Я лепш буду зарабляць грошы сваёй працай. Я веру, што, калі ты робіш сумленную справу і не падманваеш, у першую чаргу сябе, у цябе ўсё атрымаецца.

Ёсьць такая прымаўка. Беларус беларусу беларус. Але пасьля гэтага жніўня яна зусім па-новаму ўспрымаецца. Бо калі ты стаіш у чарзе салідарнасьці і табе нейкі незнаёмы хлопчык ці дзяўчынка падносяць ваду, гэта нешта цудоўнае. Грамадзкасьць сама арганізавалася. Зараз я дапамагаю мэдыкам. Бо не разумею, як можна нічога не рабіць. На мітынгах стаім. Заўсёды некалькі брыгад дзяжурыць. Дзякуй Богу, пакуль усё абыходзіцца мірна. Гэта той выпадак, калі ты ўдзячны лёсу, што не спатрэбіўся.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У пэўны момант разумееш, што працаваць ужо ня можаш». Высокапастаўлены супрацоўнік звольніўся з Генэральнай пракуратуры 

Адкуль маё валоданьне беларускай мовай? Калі ў мяне пытаюцца па-расейску, я адказваю па-расейску. Калі пытаюцца на-ангельску, спрабую адказваць па-ангельску. Я лічу сябе абавязаным зь беларускамоўным чалавекам гаварыць на беларускай. Каб не пакрыўдзіць чалавека. Гэта пытаньне культуры.

Яўген Кулічкін

Я разумею, што нават калі заўтра ўсё зьменіцца і настане краіна мары, дык наступныя гадоў дзесяць лепш ня стане. Таму, што мы будзем з гэтай ямы толькі выбірацца. Я ўжо зьмірыўся з думкай, што я ўжо ня буду жыць у такой краіне, у якой хацелася б жыць. Але хацелася б, каб мае дзеці ці мае ўнукі жылі б у той Беларусі, якая павінна быць.