«Адкуль я ўцёк? Не было такога!» Гаспадаром машыны, якую паказала прэс-служба МУС, аказаўся рабочы ММЗ

6 верасьня прэс-сакратар МУС апублікаваў відэа агляду машыны, у салёне якой быў бел-чырвона-белы сьцяг, сякера, улёткі з заклікам да забастоўкі і нажы.

Паводле МУС, кіроўца ўцёк і не сьпяшаецца забіраць сваю маёмасьць.

Як высьветліла «Наша ніва», гаспадар машыны — рабочы ММЗ Андрэй Комлік-Ямацін. Ён быў вядомы як фігурант «справы патрыётаў».

Як так выйшла, што ягоны «Опель» трапіў у міліцэйскую справаздачу?

«Я прыехаў да „Мотавела“, прыпаркаваўся там — дамаўляліся зь сябрамі пайсьці пагуляць па праспэкце, — расказвае Андрэй. — Выходзім — праспэкт перакрыты. Уступаць у канфлікт зь міліцыяй не хацелася, таму пайшлі назад, па дарозе пачаліся затрыманьні, я вырашыў вярнуцца да машыны. А яе няма!

Я ў паніцы: сагналі?! Званю ў міліцыю, мне там кажуць, што трэба час высьветліць і праверыць. Добра, пакуль чакаў званку, пайшоў у суседнюю краму папрасіць запісы з камэр».

Са слоў Комліка-Ямаціна, на відэа ён убачыў, як машыну атачылі людзі ў чорным, потым прыехала ДАІ і эвакуатар.

«А тут перазвоньваюць, што сапраўды машына на штраф-стаянцы ў Ленінскім РУУС. У мяне першая думка: парушыў нейкі пункт ПДР. Забіраць «Опель» я сёньня не паехаў, бо ў дзядзькі дзень народзінаў, я паехаў яго віншаваць, а папяровую цяганіну зь вяртаньнем вырашыў пакінуць на заўтра», — кажа Андрэй.

А потым ён убачыў сваю машыну ў паведамленьні МУС.

«У інтэрнэце гляджу — маю машыну паказваюць! Ускрытая яна, пішуць, што «кіроўца ўцёк». Рэчы ў багажніку так жывапісна раскладзены для карцінкі. Але адкуль я ўцёк? Не было такога! Я ўвогуле ня ведаў, што здарылася з маёй машынай, пакуль не паглядзеў запісы з камэр», — кажа ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прынамсі чатыром пратэстоўцам спатрэбілася дапамога мэдыкаў пасьля разгону каля Партызанскага праспэкту

Комлік-Ямацін не адмаўляе, што рэчы ў багажніку ягоныя.

«У мяне ў салёне ляжаў вялікі БЧБ-сьцяг, можа, ён і выклікаў інтарэс органаў, што яны вырашылі машыну забраць, а потым і ўскрыць. І сякера мая, і нож мой: я актыўны турыст, у мяне такія рэчы ёсьць у машыне, і што? Налепкі «Забастоўка» таксама мае — гэта не для распаўсюду, а да мяне трапілі ў выніку распаўсюду, ну я ўзяў сабе», — дадае ён.

«Гэтае здарэньне я вельмі нэгатыўна ацэньваю: зь якой нагоды машыну вось так проста забіраць, узломваць, а потым яшчэ паказваць у інтэрнэце? Законы проста зьневажаюцца такімі выхадкамі».

Сёньня мужчына плянуе забраць сваю маёмасьць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску затрымалі сябра Каардынацыйнай рады палітоляга Андрэя Ягорава