У «Маршы адзінства» ў Горадні 6 верасьня ўзялі ўдзел некалькі тысяч чалавек. Праваахоўнікі не далі пратэстоўцам масава сабрацца ў цэнтры. Акцыя скончылася жорсткімі затрыманьнямі, у тым ліку непаўналетніх.
Марш у Горадні пачынаўся са спальных раёнаў. Пратэстоўцы дамовіліся спачатку сустрэцца каля буйных гандлёвых цэнтраў і вакзалаў побач са сваім месцам жыхарства, а потым рушыць да Савецкай плошчы.
Калёну, якая ішла зь мікрараёну Дзевятоўка ад гандлёвага цэнтру «Old City», міліцыя спыніла каля абласной дзіцячай бальніцы. Затрымалі каля 10 чалавек. Некаторыя ўцяклі. Рэшта накіравалася ў цэнтар.
Калёну з 300 чалавек, што ішла зь Вішняўца ад гандлёвага цэнтру Triniti, амапаўцы разьбілі каля шклозаводу. Некалькі чалавек жорстка затрымалі.
Аўтамабільны рух у цэнтар бліжэй да абеду перакрылі.
Частка людзей, якія не разышліся пасьля затрыманьняў, трапілі ў цэнтар. Асноўным месцам пратэсту стаў лапік Савецкай плошчы, пляцоўка каля драмтэатру і ўзгорак Пабэрнардынскага касьцёла. Тут сабралася прыкладна 1,5–2 тысячы чалавек зь бел-чырвона-белымі сьцягамі і плякатамі.
На плякатах былі, сярод іншых, надпісы: «Крэпкі арэшак», «Хто, калі ня ты», «Хопіць ябацькаць Беларусь». Людзі скандавалі «Жыве Беларусь». Сьпявалі «Тры чарапахі», «Купалінку». Нехта запусьціў у неба дрон зь бел-чырвона-белым сьцягам. Пратэстоўцаў падтрымлівалі з вокнаў жыхары цэнтру, вывешвалі нацыянальныя сьцягі, пакаёўка гатэля махала з вакна белай і чырвонай анучкамі.
Некалькі разоў на плошчу выходзіла калёна зь дзясяткаў амапаўцаў у чорным і шлемах. Да плошчы пад’яжджалі аўтазакі. АМАП спрабаваў выцесьніць людзей з плошчы. Аднак дэманстранты засталіся. Нікога не затрымлівалі, выглядала, што застрашвалі. Амапаўцы стаялі сьцяной, некаторыя па пэрымэтры вакол пратэстоўцаў. Потым па камандзе яны сыходзілі. Празь нейкі час ізноў вярталіся.
Пратэстоўцы крычалі ім «Сыходзь», «Лукашэнку ў аўтазак», сьпявалі «От улыбки станет всем светлей», некаторыя заклікалі да сумленьня і пыталіся, ці тым ня сорамна.
Потым калёна з Савецкай плошчы рушыла да ізалятара на Гая. Па дарозе яны аб’ядноўваліся зь іншымі пратэстоўцамі. На піку было каля 3 тысяч. Людзі не чакалі, пакуль запаліцца зялёнае сьвятло, каб перайсьці дарогу. Яны перакрывалі рух жывым ланцугом, аўтамабілі іх прапускалі.
Дэманстранты пайшлі па праезнай частцы Старога моста, якую перакрылі для аўтамабільнага руху. У пэўны момант міліцэйская легкавушка паволі паехала ў натоўп пратэстоўцаў. Міліцыянты праз мэгафон папярэджвалі, што пешаходам варта сысьці з праезнай часткі. Аднак людзі абыходзілі машыну і ішлі далей. Ніхто падчас гэтага не пацярпеў. Гарадзенцы скандавалі «Гэта наш горад», «Сам ты пацук».
Калі калёна павярнула са Старога моста на вуліцу Перамогі, людзі працягвалі ісьці па праезнай частцы. Па сустрэчнай паласе паволі ехалі аўтамабілі, сыгналілі дэманстрантам, прапускалі людзей перайсьці на другі бок дарогі. Фактычна ў маршы машыны і людзі зьмяшаліся ў адну раку. Насустрач маршу праехала калёна байкераў зь бел-чырвона-белымі сьцягамі.
Паблізу ад ізалятара сябры затрыманага ў мінулую нядзелю Андрэя Янковіча, які тады ішоў з паголенай часткай галавы і плякатам «Прэзыдэнт не настаяшчы», расказалі, што Андрэя ня выпусьцілі пасьля адбываньня арышту, новы суд над ім будзе 7 верасьня.
Дэманстранты ўрэшце вырашылі не паварочваць да ізалятара, а пайсьці проста па праспэкце Янкі Купалы. Каля ўнівэрсаму «Брэст» насустрач пратэстоўцам выбегла калёна зь дзясяткаў амапаўцаў. Людзі сталі ў счэпкі, звонку — жанчыны, унутры мужчыны.
Людзі ў чорным выхоплівалі людзей зь першых шэрагаў, пераважна маладзёнаў, білі дручкамі, цягнулі па зямлі і кідалі ў аўтазак. Затрымлівалі як хлопцаў, так і дзяўчат. Пырскалі ў вочы газ. Відавочцы паведамлялі, што забіралі і непаўналетніх, у тым ліку дзяўчат, у дварах схапілі 14-гадовага хлопца. Вядома, што затрымалі прынамсі дваіх студэнтаў унівэрсытэту імя Янкі Купалы.
Пратэстоўцы паспрабавалі акружыць АМАП, аднак «хапун» толькі ўзмацніўся. Людзі ўцякалі ў двары, іх хапалі і там. Усяго за дзень у Горадні затрымалі некалькі дзясяткаў пратэстоўцаў, дакладная лічба пакуль невядомая.
У месцах затрыманьняў знаходзіліся намесьнік начальніка УУС Горадзенскага аблвыканкаму Віталь Стасюкевіч і начальнік горадзенскага АМАПу Віктар Краўцэвіч.
Гэтае сутыкненьне стала апошнім пунктам нядзельнага маршу ў Горадні. АМАП урэшце зьехаў. Людзі разышліся.