На праспэкце Пераможцаў, Нямізе ды іншых вуліцах Менску зьявіліся людзі ў цывільным, якія білі пратэстоўцаў. Яны хадзілі ў бронекамізэльках і ўзброеныя дубінкамі.
Як можна бачыць у відэа Tut.by, гэтыя неідэнтыфікаваныя асобы з дубінкамі кідаліся на людзей, затрымлівалі і жорстка білі ўсіх без разбору. Калі частка мітынгоўцаў схавалася ў кавярні O'Petit і гаспадары замкнулі дзьверы, цывільныя з дубінкамі выбілі шкляныя дзьверы, выцягнулі людзей на вуліцу і затрымалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Людзі скакалі ў ваду, ратуючыся ад сілавікоў. Жорсткія затрыманьні пасьля «Маршу адзінства» ў Менску. ВІДЭАНа фота і відэа нападу на кавярню заўважылі чалавека, вельмі падобнага да начальніка Галоўнага ўпраўленьня барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю МУС Мікалая Карпянкова. Менавіта чалавек у кепцы з надпісам «МВД» і пачаў біць шкляныя дзьверы.
Рэакцыя МУС
Прэсавая сакратарка МУС Беларусі Вольга Чамаданава сказала Свабодзе, што дакладная лічба затрыманых у Менску і па Беларусі на гэты момант невядомая.
«Несанкцыянаваная акцыя яшчэ працягваецца, інфармацыя будзе заўтра раніцай», — дадала яна.
А наконт невядомых у масках, якія дубінкамі білі шыбы ў кавярні на Нямізе, адзначыла, што ня ведае, хто гэта быў. «Будзем разьбірацца», — скончыла прадстаўніца ведамства.
Адказваючы на пытаньне Свабоды, ці гэта Мікалай Карпянкоў біў шкляныя дзьверы ў кавярні, Чамаданава сказала, што «ні пацьвердзіць, ні абвергнуць» гэтага пакуль ня можа.
Пазьней Чамаданава гэтак пракамэнтавала для Onliner інцыдэнт з разьбітым шклом у O'Petit: «Супрацоўнікі міліцыі перасьледавалі актыўных удзельнікаў несанкцыянаванага мерапрыемства (менш за дзесяць чалавек), якія іх правакавалі, а потым паспрабавалі схавацца ў кавярні».