«У нялёгкі час для Белай Русі». У Маскве ўзьвялі ў сан новага кіраўніка Беларускага экзархату РПЦ

Патрыяршы экзарх усяе Беларусі Веньямін

Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл пажадаў «духоўнай мудрасьці ў кіраваньні Беларускім праваслаўнай царквой новаму мітрапаліту і патрыяршаму экзарху Веньяміну, піша «Інтэрфакс».

«Мы спадзяёмся, што ў той час, які нельга назваць лёгкім, у тым ліку і для Белай Русі, у вас будуць мудрасьць і духоўная сіла духоўна весьці свой народ, каб пазьбягаць усялякага кшталту падзелаў, якія могуць нанесьці непапраўную шкоду духоўнаму і нацыянальнаму жыцьцю беларускага народу», — сказаў ён пасьля ўзьвядзеньня экзарха ў мітрапаліты падчас літургіі ў храме Хрыста Збаўцы ў Маскве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік БПЦ заклікаў да малітвы за Беларусь ува ўсіх храмах у нядзелі

Былы япіскап Барысаўскі і Мар’інагорскі Веньямін быў прызначаны мітрапалітам Менскім і Заслаўскім, патрыяршым экзархам усяе Беларусі рашэньнем Сьвятога Сіноду 25 жніўня.

На тым жа паседжаньні было вырашана вызваліць ранейшага мітрапаліта Менскага і Заслаўскага Паўла ад кіравання Беларускім экзархатам з вынясеньнем падзякі.

Мітрапаліт Веньямін нарадзіўся 16 верасьня 1968 году ў Лунінцы на Берасьцейшчыне. Скончыў Менскую духоўную сэмінарыю і акадэмію.