Ініцыятыва Protect Belarus працягне дапамагаць супрацоўнікам сілавых ведамстваў, якія страцілі працу, бо «адмовіліся выконваць злачынныя загады». Яна заснаваная беларускімі IT-прадпрымальнікамі на чале з сузаснавальнікам кампаніі PandaDoc Мікітам Мікадо сумесна зь Беларускім фондам салідарнасьці.
Пра гэта паведаміла Свабодзе афіцыйная прадстаўніца PandaDoc Анастасія Міралюбава.
«Дзясяткам людзей дапамаглі выплатамі, маральнай і юрыдычнай падтрымкай. Мы гэтую працу працягваем з нашым партнэрам — Фондам салідарнасьці. Сілавікі да нас зьвяртаюцца штодня, мы апрацоўваем заяўкі і выплачваем дапамогу. І гэтая ініцыятыва будзе працягвацца столькі, колькі патрэбна», — сказала Анастасія.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзе могуць дапамагчы звольненым, страйкоўцам, пацярпелым. СьпіcУ PandaDoc заявілі, што ўлады праводзяць рэпрэсіі і чыняць ціск, каб спыніць гэтую ініцыятыву. Паводле кампаніі, «улады вырашылі ўзяць у закладнікі» чатырох невінаватых супрацоўнікаў, якія ня маюць дачыненьня да ініцыятывы заснавальнікаў кампаніі PandaDoc. Чатырох супрацоўнікаў кампаніі PandaDoc — гэта галоўны бугальтар Юлія Шардыка, дырэктар Дзьмітрый Рабцэвіч, дырэктар па прадукту Віктар Куўшынаў і HR Уладзіслаў Міхалап — арыштавалі на два месяцы. Іх падазраюць у крадзяжы ў асабліва буйным памеры.
«Зусім зразумела, што ўсё гэта палітычная замова. Калегі ніякіх адносін да маёй ініцыятывы ня маюць. Пры гэтым улады спрабуюць настолькі нізкім спосабам узьдзейнічаць на мяне», — заявіў Мікіта Мікадо.
«Мы ўспрымаем гэта як палітычныя рэпрэсіі»
Афіцыйная прадстаўніца PandaDoc Анастасія Міралюбава сказала Свабодзе, што прычына і падстава, па якой затрыманыя супрацоўнікі кампаніі ў Менску, незразумелая.
«Кампанія ў шоку, мы ўспрымаем гэта як палітычныя рэпрэсіі, накіраваныя ў бок Мікіты з прычыны яго актыўнай дзейнасьці па дапамозе звольненым сілавікам. Іначай гэта назваць нельга, бо ніякіх падстаў для арышту супрацоўнікаў ня бачым ні мы, ні юрысты. Гэта неправамерныя, несумленныя арышты. Пакідаць гэта ў цішыні, як шмат што адбываецца ў Расеі і Беларусі, мы таксама ўжо ня можам», — сказала Анастасія.
Паводле Анастасіі, арышты супрацоўнікаў не былі брутальнымі, але «сам факт таго, што калегам і іх сем’ям цяпер даводзіцца праходзіць праз такі страх — гэта брутальна само па сабе».
Цяпер кампанія накіравала ўсе сілы на тое, каб вызваліць сваіх супрацоўнікаў з-за кратаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чатыры топ-мэнэджэры IT-кампаніі PandaDoc арыштаваныя ў Менску, кампанія заяўляе пра помсту ўладаў. ВІДЭАПаводле Анастасіі, пакуль PandaDoc спадзяецца, што зможа працягваць далей сваю працу ў Беларусі і ёй не давядзецца выяжджаць з краіны.
«Мы спадзяёмся на лепшае, што адбудзецца зьмена рэжыму і кампанія зможа застацца на радзіме, дзе не давядзецца баяцца за сваё жыцьцё, за тое, што нехта будзе арыштаваны, што будуць рэйды і вобшукі ў офісе. Але цяперашнія падзеі паказваюць, што трэба разглядаць дадатковы варыянт. Але спадзяёмся, што кампанія ўсё ж зможа застацца ў Беларусі, не давядзецца зьяжджаць, і ў Беларусі таксама застанецца ПВТ, бо беларускія эўрабонды трымаюцца выключна на ІТ-тэхналёгіях. Мы не хацелі б, каб усе ІТ-кампаніі зьяжджалі, а гэта адбудзецца, калі ня зьменіцца рэжым і ня сыдзе тыранія».
Мікіта Мікадо заявіў, што затрыманыя супрацоўнікі ні ў чым не вінаватыя, іх тры дні ўтрымлівалі бяз допуску адвакатаў і цяпер зьбіраюцца пасадзіць.
Другога верасьня ў менскім офісе кампаніі PandaDoc прайшлі ператрусы, падчас якіх былі заблякаваныя больш за 20 супрацоўнікаў, 7 зь якіх затрымалі для допыту. У некаторых супрацоўнікаў правялі вобшукі дома, урэшце іх затрымалі. Цягам двух наступных дзён супрацоўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў апыталі больш за 100 працаўнікоў кампаніі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хачу, каб мая краіна не ператваралася ў Паўночную Карэю». Мікіта Мікада пра ператрусы ў менскім офісе PandaDoc
«Яны, відаць, зачапілі за самае балючае»
Віктар Куўшынаў цяпер у СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску. Пра гэта Свабодзе паведаміла яго жонка Саша Дзікан.
«Яго туды завезьлі адразу з ДФР. Будзем высьвятляць, ці магчымыя зь ім сустрэчы, і будзем працягваць змаганьне. Што нам яшчэ застаецца рабіць?»
Саша кажа, што мужа затрымалі дома пяцёра сілавікоў, на яго надзелі кайданкі.
«2 верасьня недзе паўтары гадзіны цягнуўся вобшук у нас. Увесь дзень яго трымалі ў ДФР, і недзе а гадзіне ночы іх адтуль вывезьлі. Напісалі, што мужа затрымалі а 10 вечара 2 верасьня, хаця па факце затрымалі ў 10 раніцы, калі па яго прыехалі да нас дадому. Вылічылі па геалякацыі, на жаль, мабільныя апэратары зьліваюць інфармацыю, мяне цяпер праслухоўваюць. Забралі мой і яго кампутары».
Паводле Сашы Дзікан, ініцыятыва Protect Belarus — прыватная ініцыятыва заснавальнікаў PandaDoc, яна ніяк не зьвязаная з кампаніяй.
«Тут офіс кампаніі вялікі, і яны, відаць, вырашылі ўзяць мужа і яго трох калегаў у закладнікі. Мэтаў уладаў я ня ведаю. Магчыма, яны хочуць імі гандляваць, каб спынілі дзейнасьць, альбо публічна паказальна пакараць, альбо сказаць сілавікам, што яны атрымаюць сьпісы тых, хто прасіў дапамогі. Там зьвярнуліся па падтрымку многа людзей, і Мікіта гэта публічна абвяшчаў. Яны, відаць, зачапілі за самае балючае, бо для Лукашэнкі важна, каб яго падтрымлівалі сілавікі», — кажа Саша.
Саша Дзікан кажа, што кампанія PandaDoc, якая ўваходзіць у Парк высокіх тэхналёгій, праходзіла шмат міжнародных аўдытаў і там «усё чыста».
«Калі я ўбачыла інфармацыю пра 107 тысяч беларускіх рублёў, мне стала проста сьмешна. Гэта плявок, ведаючы, якія заробкі ў іх. Атрымліваецца, што гэтыя 30 тысяч эўра яны ўчатырох нібыта скралі. Ды яны за пару месяцаў могуць зарабіць такія грошы. Яны ўжо ня ведаюць, што ім прыпісаць. Яны абсалютна ні ў чым не вінаватыя. Я спадзяюся, што муж вернецца дахаты», — кажа Саша.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да мэнэджара фірмы PandaDoc, якая дапамагае звольненым міліцыянтам, прыйшлі людзі ў цывільным«Цяпер выходжу і за сябе, і за мужа»
Саша Дзікан кажа, што сям’я ў шоку ад затрыманьня Віктара, бацькі двухгадовага дзіцяці.
«Але трымаемся, што рабіць. Для мяне прыклад — Святлана Ціханоўская, яна трымаецца, у яе сытуацыя з мужам наогул жахлівая. Таму і нам трэба трымацца».
Сёньня Саша Дзікан прыняла ўдзел у чарговай мірнай акцыі пратэсту жанчын у Менску.
«Я хачу іншага жыцьця ў свабоднай краіне, дзе я буду адчуваць сябе ў бясьпецы, дзе ня будуць рэпрэсаваць маю сям’ю, каб мой муж выйшаў на свабоду і мог спакойна працаваць далей. Цяпер выходжу і за сябе, і за мужа», — сказала Саша Дзікан.