Пэўныя сілы на Захадзе пераходзяць да гібрыднай вайны супраць беларускай дзяржавы, заявіў міністар абароны Віктар Хрэнін, выступаючы ў Маскве на сумесным паседжаньні кіраўнікоў вайсковых ведамстваў краін СНД, АДКБ і ШАС.
Сярод асноўных фактараў, якія нэгатыўна ўплываюць на стан «сучаснай архітэктуры міжнароднай бясьпекі», ён акцэнтаваўся на спробах «каляровых рэвалюцый», тэрарызьме, наркатрафіку і арганізаванай злачыннасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінабароны папярэдзіла, што армія гатовая абараняць Беларусь ад унутраных пагрозаўНа думку Хрэніна, розныя «дэструктыўныя сілы, якія падаграваліся кіраўніцтвам Польшчы, Літвы, Чэхіі і Ўкраіны», учынілі спробу неканстытуцыйнай зьмены ўлады. Ён перакананы, што ўратаваць краіну «ад беззаконьня і самаўпраўнасьці» ўдалося дзякуючы зладжаным дзеяньням органаў дзяржаўнага кіраваньня і «падтрымцы беларускім народам рашэньняў прэзыдэнта».
Хрэнін выказаў словы ўдзячнасьці «вайскова-палітычнаму кіраўніцтву Расеі і Кітая, а таксама дзяржавам, якія аказалі дапамогу Беларусі ў няпросты для яе час».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макей у Маскве заявіў, што ў Беларусі спынілі каляровую рэвалюцыюМіністар абароны заявіў, што цяпер пэўныя сілы на Захадзе, пацярпеўшы няўдачу ў спробе арганізацыі «каляровай рэвалюцыі», пераходзяць да формаў і мэтадаў гібрыднай вайны супраць беларускай дзяржавы, ужываючы пры гэтым беспрэцэдэнтныя меры дыпляматычнага і палітыка-эканамічнага ціску. У прыватнасьці, ідзе жорсткая барацьба за інфармацыйную перавагу.
Акрамя таго, па словах Хрэніна, за апошнія гады ратацый групоўка НАТО ў суседніх краінах вырасла ў 17 разоў і ўзрасла да 10 тысяч вайскоўцаў. У непасрэднай блізкасьці ад мяжы Беларусі ажыцьцяўляецца канцэнтрацыя баявой тэхнікі і асабовага складу, у тым ліку арміі ЗША, а таксама праходзяць буйнамаштабныя шматнацыянальныя вучэньні краін-чальцоў альянсу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: NATO адказала Лукашэнку: «Сілы ў Балтыйскім рэгіёне разгарнулі раней за беларускі крызіс»Беларусі нічога не застаецца, як выпрацоўваць у адказ захады вайсковага характару — што і было прадэманстравана ў ходзе вучэньняў ля межаў з НАТО сёлета ў жніўні, падсумаваў кіраўнік Мінабароны Беларусі.