У менскай Архікатэдры 3 верасьня адбылася супольная малітва каталіцкіх сьвятароў гораду. Яны маліліся аб вяртаньні на Радзіму арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, якога ўлады не пускаюць у Беларусь, паведамляе catholic.by.
Таксама было зачытана слова арцыбіскупа, скіраванае ім з выгнаньня. Яго чытаў канцлер Курыі Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксёндз канонік Дзьмітры Пухальскі.
У звароце былі наступныя словы:
«Усе мы, біскупы, сьвятары, кансэкраваныя асобы, сьвецкія вернікі і грамадзтва ў цэлым патрабуем перамен.
Стаячая вада псуецца і не надаецца да ўжытку. Разам з тым, праточная вада зьяўляецца здаровай. Лацінскі выраз ясна кажа: Qui non progredit, regredit — „Хто не ідзе наперад, вяртаецца назад“. Мы пакліканы разьвівацца, гэта азначае ўдасканальвацца ў сваім духоўным і грамадзкім жыцьці. Бог стварыў сьвет добрым, але наказаў людзям яго ўдасканальваць, што павінна адбывацца ва ўсіх сфэрах нашага жыцьця.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Інструкцыі мне можа даваць папа Рымскі». Расказ арцыбіскупа Кандрусевіча, якога не ўпусьцілі ў краінуАпынуўшыся ў складанай, нябачанай дагэтуль у нашай гісторыі сытуацыі, Беларусь патрабуе перадусім адказнага духоўнага падыходу, які грунтуецца на прынцыпах Эвангельля і сацыяльнага вучэньня Касьцёлу. Нам неабходна вырашаць ня толькі палітычныя, эканамічныя і грамадзкія праблемы, але і духоўныя.
Пакуль грамадзтва ня будзе прытрымлівацца базавых маральных нормаў, асноўнай з якіх зьяўляецца прынцып нікому не рабіць таго, чаго не жадаеш сам, яно не зможа вырашыць сваіх праблем і гарманічна разьвівацца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латушка: «Сёньня ў Беларусі больш ня дзейнічае заканадаўства»Мітрапаліт Кандрусевіч выказаў спадзяваньне, што праблемы, зь якімі сутыкнулася Беларусь, будуць вырашаны мірным шляхам. «Таксама спадзяюся на маё хуткае вяртаньне на Радзіму, каб зноў быць разам з вамі і служыць Касьцёлу ў Беларусі непасрэдна, а не з-за мяжы», — казалася ў звароце.