Паліттэхноляг Віталь Шкляраў, які знаходзіцца пад арыштам, напісаў ліст пра свайго сына, які пайшоў ў першую клясу. Ліст надрукавала маскоўская «Новая газета».
«Ёсьць рэчы, якія можна зрабіць толькі адзін раз за ўсё жыцьцё. Калі страціш момант — вярнуць яго немагчыма. Ніколі.
Сярод іх — праводзіць сына ў школу 1 верасьня. Я сяджу ў СІЗА, хоць павінен быў быць зь ім. Цяпер гэты ўспамін назаўжды застанецца, яго ніяк і ніколі нельга будзе выправіць.
Дагэтуль не ўкладаецца ў галаве. Я заўсёды быў вольным чалавекам — свабодным фізычна і свабодным унутрана. Але раптам нейкія людзі вырашылі, што ім выгадна будзе пасадзіць мяне ў клетку. Без усялякай прычыны: проста таму, што ім падалося добрай ідэяй лавіць на жыўца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паліттэхноляга Шклярава трымаюць у СІЗА Менску «ва ўмовах катаваньняў», — адвакатНепаразуменьне, глупства, эпізод — як гэта здавалася спачатку — ператвараюцца ў частку жыцьця. Майго і маёй сям’і. Майго сына.
Мы шмат робім разам. Займаемся бегам, прычым сурʼёзна, 7-10 кілямэтраў — рабочая дыстанцыя, хоць яму ўсяго толькі 8. Гуляем ў хакей. Неяк гулялі нават у гольф, сапраўдны, у якім ад лункі да лункі езьдзіш на адмысловай машынцы. Там мы ўсю дарогу наварочвалі «сьнікерсы» і шмат сьмяяліся.
Мікіта хакеем захапляецца, удзельнічае ў турнірах, і я ваджу яго на трэнаваньні... не, вадзіў. Цяпер я раблю іншае.
Я сяджу ў чатырох сьценах. І побач са мной ня мой сын, а зусім іншыя людзі. Спачатку я быў адзін. Потым — сукамэрнік. Але ў апошні час вырашылі, мабыць, ціск узмацніць. Цяпер у маёй камэры карусэль: зьяўляюцца і зьнікаюць такія ж бацькі і дзеці, як я.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Венядзіктаў: Гатовы прыехаць у Беларусь, каб даць паказаньні ў падтрымку ШкляраваМяне працягваюць рэгулярна абшукваць. Выхоўваць. І сьвятлом, і камэрай вузкай на пяць крокаў, і кароткімі жалезнымі нарамі, і халоднай вадой, і дыетай, і душам раз на тыдзень, і няспынным слупам цыгарэтнага дыму ўвесь дзень у прытхлай катоўні. Наагул катаваньне сьвятлом — асобная гісторыя. Ад гэтага сьвятла дзённых лямпаў наагул нельга пазбавіцца. Яно гарыць удзень і ўначы.
Але гэта несапраўднае сьвятло. Гэта цемра, загорнутая ў сьвятло — бясконцае, якое джаліць, не дае ні спаць, ні думаць.
За сьценамі турмы, у сьвеце, у якім дзень зьмяняецца ноччу, а сьвятло — сапраўднай шчырай цемрай, ходзяць свабодныя людзі. Часам мы чуем іхныя споклічы і сыгналы машын. Як яны крычаць, патрабуючы іншага жыцьця. А недзе зусім далёка, дзе чалавек мае права легчы на ложак днём, мае права на кнігі, на чалавечае, годнае стаўленьне, пісаць і атрымліваць лісты — там намесьнік дзяржаўнага сакратара ЗША Стывэн Бігэн запатрабаваў мяне вызваліць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пампэо запатрабаваў ад уладаў Беларусі вызваліць затрыманага паліттэхноляга ШкляраваТут, у турме, чым даўжэй сядзіш, ужо ня вельмі верыцца ў тое, што наагул існуе нешта па-за... што ёсьць нешта яшчэ там, звонку. Кнігі, дні і ночы, дзяржаўныя сакратары... Толькі наймацнейшыя сувязі застаюцца. Адна зь іх — з сынам. Я адчуваю яго нават скрозь жалеза і бэтон і праз сотні кілямэтраў. Я ведаю, што ён ішоў у школу, на сьвята, нёс кветкі настаўніцы. І думаў пра мяне. Гэтак жа, як я тут думаю пра яго».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Намесьнік дзяржаўнага сакратара ЗША: Нашы асноўныя патрабаваньні — неадкладна вызваліць затрыманых і спыніць гвалт супраць пратэстоўцаў