Міністэрства энэргетыкі Расеі чакае, што перамовы паміж «Газпромам» і беларускімі кампаніямі аб пастаўках і цане газу налета пачнуцца неўзабаве пасьля таго, як Беларусь пагасіць цяперашнюю запазычанасьць у $ 328 млн. Пра гэта паведамляе ТАСС са спасылкай на міністра энэргетыкі РФ Аляксандра Новака.
«Ёсьць з аднаго боку запазычанасьць у $ 328 млн, якая за пастаўкі газу існуе, у тым ліку ёсьць перадаплата $101 млн. ...Вось гэтыя дзьве лічбы, якія сёньня ўлічваюцца ва ўзаемаразьліках», — цытуе ТАСС міністра.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мішусьцін: Расея і Беларусь дасягнулі дамоўленасьцяў у аплаце энэрганосьбітаўГаворачы аб цэнах на газ для Беларусі налета, Новак падкрэсьліў, што яны таксама ёсьць прадметам перамоваў, у першую чаргу на ўзроўні кампаніяў — пастаўнікоў газу, г. зн. «Газпрому», і пакупнікоў газу, то бок спажыўцоў Беларусі.
«Я думаю, што гэтыя перамовы неўзабаве ўжо пачнуцца пасьля пагашэньня запазычанасьці за газ», — сказаў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сяброў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Кавалькову і Дылеўскага асудзілі яшчэ на 15 дзён арышту кожнагаСтаршыня ўраду Расеі Міхаіл Мішусьцін на перамовах беларускай і расейскай урадавых дэлегацыяў у Менску 3 верасьня заявіў, што Беларусь дасягнула дамоўленасьцяў з Расеяй аб аплаце энэрганосьбітаў.
«Хацеў бы павітаць рашэньні, якія сёньня былі прынятыя аб нашых узаемных пытаньнях, зьвязаных з аплатай энэрганосьбітаў. Мы дасягнулі з вамі ўсіх дамоўленасьцяў», – працытавала Мішусьціна агенцтва БелТА.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы запатрабавалі ў ААН расьсьледаваць сыстэматычныя катаваньні ў БеларусіУ канцы 2019 году паміж Беларусьсю і Расеяй разгарэлася спрэчка аб цане на газ. Беларускі бок дамагаўся цаны на ўзроўні Смаленскай вобласьці. Расея ў адказ прапанавала плян шчыльнейшай інтэграцыі ў форме падпісаньня так званых «дарожных мапаў».
- У красавіку 2020 году, калі цэны на газ на эўрапейскім рынку істотна зьнізіліся на фоне пандэміі і падзеньня нафтавых цэнаў, Менск стаў патрабаваць ад «Газпрому» перагляду сёлетняга кантракту. Цана на газ была захаваная на ўзроўні 2019 году — 127 даляраў за тысячу кубамэтраў, тады як на спотавым рынку яна апусьцілася ніжэй за 100 даляраў.
- 29 траўня кіраўнік «Газпрому» Аляксей Мілер заявіў, што гатовы пачаць перамовы зь Беларусьсю пасьля пагашэньня доўгу за пастаўлены газ у 165 млн даляраў. У адказ Міністэрства энэргетыкі Беларусі заявіла, што ня мае запазычанасьці, проста ёсьць рознагалосьсі паміж суб’ектамі гаспадараньня ў вызначэньні цаны на газ з улікам яго калярыйнасьці.
- Паводле экспэртаў, доўг мог утварыцца ад таго, што Беларусь ня плаціць надбаўкі ААТ «Газпром Трансгаз Беларусь» («дачка» «Газпрому») за дастаўку газу спажыўцам. З словаў крыніцы парталу ў энэргетычным комплексе, спрэчка дагэтуль ня вырашана, доўг «перавысіў 250 млн даляраў».
- 17 ліпеня міністар энэргетыкі Беларусі Віктар Каранкевіч заявіў, што перамовы працягваюцца. Ён падкрэсьліў, што цана на газ «павінна быць канкурэнтаздольнай» у першую чаргу для беларускіх кампаніяў.
- Беларусь штогод імпартуе з Расеі каля 20 млрд кубамэтраў газу. Менск ня раз прапаноўваў зьнізіць цану да ўзроўню Смаленскай вобласьці. Аднак раней прэм’ер-міністар Расеі Міхаіл Мішусьцін заяўляў, што бакі могуць абмеркаваць адзіныя цэны на энэрганосьбіты толькі пасьля зацьвярджэньня «дарожных мапаў» і пачатку рэальнай «паглыбленай інтэграцыі».