Мова беларускай дзяржаўнай тэлевізіі радыкальна зьмянілася пасьля выбараў 9 жніўня, якія, як сьцьвярджае ЦВК, выйграў Аляксандар Лукашэнка.
Цяпер на ім гучаць словы «Майдан» і «падзел Беларусі», а таксама палохаюць украінскім сцэнаром беспарадкаў. Перамены не выпадковыя. Лукашэнка пацьвердзіў, што запрасіў на Беларускую тэлевізію журналістаў з Расеі, а, паводле расейскага агенцтва РБК, у Менск прыехалі брыгады расейскага тэлеканалу RT: іх жа журналісты зьявіліся ў пуле Лукашэнкі, які асьвятляе паездкі прэзыдэнта па краіне. Расейцы занялі месцы супрацоўнікаў, якія падтрымалі пратэсты і звольніліся самі або былі звольненыя.
Ток-шоў на беларускім дзяржаўным канале АНТ таксама робяцца па расейскіх рэцэптах, піша аглядальнік «Настоящего времени» Аляксей Аляксандраў.
На канале выступае Мікалай Азараў, былы прэм’ер Украіны ў часы Віктара Януковіча: ён у 2014 годзе ўцёк з Украіны і з тых часоў жыве ў Расеі.
«Цяпер, назіраючы за тым, што адбываецца, я хачу сказаць, што гэта мне нагадвае падрыхтоўку першага Майдана, — заяўляе Азараў. — Ну проста па інструкцыі: цалкам зразумела, што заходнія спэцслужбы пачалі падрыхтоўку да выбараў у Беларусі задоўга».
Словам «Майдан» гадамі палохалі расейцаў на расейскіх дзяржаўных каналах. Але ў Беларусі з экранаў ТБ яно рэгулярна пачало гучаць толькі пасьля выбараў 9 жніўня: пасьля таго, як стаў ясны маштаб фальсыфікацый, а ў краіне пачаліся масавыя пратэсты з патрабаваньнем правесьці новыя, сумленныя выбары.
Улады Беларусі спрабуюць прадставіць пратэсты як інтрыгі заходніх спэцслужбаў, а не як інсьпіраваныя знутры. І таму шмат гавораць з экранаў пра «руку Захаду» і пра тое, што сапраўднай мэтай пратэстаў нібыта зьяўляецца «падзел Беларусі» з аддзяленьнем ад яе Горадзенскай вобласьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Выкрэсьлівалі словы «сталінізм», «культ асобы», «ГУЛАГ». Прыбралі слова «вусаты». Журналісты расказалі аб працы ў дзяржаўных СМІ«Галоўны рэдактар польскага часопіса піша, што Горадня пасьля распаду Беларусі павінна адысьці Польшчы. А мы яшчэ спрабуем быць карэктнымі і саромеемся гаварыць, што ва ўнутраныя справы Беларусі груба ўмешваюцца», — адкрытым тэкстам кажуць на АНТ.
Пра Горадню на АНТ згадваюць у чацьвер 27 жніўня. А ўжо ў нядзелю 30 жніўня выказваньне таго ж журналіста Томаша Зомера цытуе расейскі Першы канал — у вялікім сюжэце аб пратэстах у Беларусі ў выніковай праграме за тыдзень.
У эфіры «России-1», іншага расейскага дзяржаўнага тэлеканалу, у той жа дзень заяўляюць, што «польскія радыкалы ўжо адкрыта дзеляць Беларусь, заяўляючы, што Горадня павінна адысьці да Польшчы».
У іншым сюжэце на «России-1» расказваюць пра вучэньні амэрыканскай арміі ў Польшчы паблізу межаў Беларусі. І тут жа ўспамінаюць яшчэ адну тэму, якую на расейскай ТВ раней пастаянна згадвалі, абмяркоўваючы Ўкраіну: што беларуская апазыцыя нібыта выступае за забарону расейскай мовы і закрыцьцё расейскамоўных школ.
«Пры Шушкевічу ў 90-я людзям навязвалі беларускую мову. І сілком закрывалі расейскамоўныя школы, так, што іх амаль не засталося. Тое, што ў нас адбываецца, — гэта звычайная ўсходнеэўрапейская каляровая рэвалюцыя, гэта азначае, што абавязкова ў нейкі момант усплыве пытаньне аб аддзяленьні ад Расеі праз мову», — падкрэсьліваецца ў сюжэце.
На наступны дзень, 31 жніўня, аб навязваньні беларускай мовы гавораць і на беларускім канале АНТ, таксама ў кантэксьце «Майдану». Гэтым разам беларускіх гледачоў палохаюць падзеямі ў Адэсе:
«Літаральна за 90 кілямэтраў ад Тэраспаля знаходзіцца горад Адэса, і там у траўні нацыяналісты спалілі людзей за тое, што яны хацелі размаўляць на расейскай мове, за тое, што яны хацелі стабільнасьці», — заяўляюць аўтары сюжэту. Там жа прадстаўлены валянтэрам Вадзім Барысюк апавядае гісторыю дзеда, які перажыў нямецкую акупацыю Беларусі, і праклінае тых, хто ўздымае чырвона-белыя сьцягі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка сказаў, што на БТ журналісты «чакалі рэвалюцыі», і падзякаваў Russia Today за дапамогу«Дзеда таксама забралі паліцаі, якія насілі бел-чырвона-белыя павязкі, — кажа мужчына. — Я ніколі не чакаў, што гэта будзе на вуліцах Беларусі, што ўздымуць сьцягі, не разумеючы, што гэта за сьцягі. Сьцягі, якія проста асацыююцца асабіста ў мяне з памагатымі фашыстаў, якія былі тут, у Беларусі».
Тая ж тэма пра сьцяг асьвятляецца і ў эфіры расейскага Першага каналу за дзень да сюжэту АНТ.
«Уласна, і бел-чырвона-белы сьцяг беларускай апазыцыі не спрадвечна беларускі. Ён быў афіцыйным сымбалем народнай рэспублікі, якая была абвешчана ў 1918 годзе на акупаваных немцамі землях Расейскай імпэрыі, — гаворыцца ў сюжэце. — Зь вяртаньнем Менску і стварэньнем СССР тая рэспубліка зьнікла, а сьцяг падчас Другой сусьветнай выкарыстоўвалі беларускія калябаранты».
Акрамя агульных сюжэтаў і тэмаў, беларускія дзяржаўныя каналы з канца жніўня выкарыстаюць таксама відэакадры, зьнятыя расейскімі каналамі. Сярод іх, напрыклад, інтэрвію зь беларускім амапаўцам, чыё фота на наступны дзень пасьля выбараў абляцела сацсеткі. Расейскі канал RT апублікаваў яго 25 жніўня, але ў эфіры канала «Беларусь-1» праз два дні яно зьявілася як эксклюзіўнае.