Менскія ўлады намагаюцца зьнішчыць народны мэмарыял памяці загіблага дэманстранта Аляксандра Тарайкоўскага каля станцыі мэтро «Пушкінская».
Камунальнікі пад покрывам ночы прыбіраюць кветкі і сьвечкі, якія прыносяць людзі на месца расстрэлу пратэсоўца. Але назаўтра пляцоўка зноў набывае звыклае аблічча, людзі прыносяць новыя кветкі.
У ноч на 2 верасьня камунальныя службы прыбралі ўсе кветкі, а частку ходнікаў яшчэ засыпалі пяском. Такім чынам яны схавалі напісаны фарбай надпіс «Не забудзем!». Здымак чытача ў сваім тэлеграм-канале публікуе «Наша Ніва».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Associated Press апублікавала новы здымак таго, як загінуў Аляксандар Тарайкоўскі. ФОТААляксандар Тарайкоўскі стаў першай ахвярай пратэстаў. Ён загінуў 10 жніўня на вуліцы Прытыцкага, дзе сілавікі брутальна разагналі ўдзельнікаў акцыі з выкарыстаньнем шумавых гранат і гумовых куль.
У МУС спачатку заяўлялі, што мужчына хацеў кінуць выбуховае прыстасаваньне, але яно выбухнула ў яго ў руцэ. Аднак відавочцы і відэакадры пацьвярджаюць, што ў яго мэтанакіравана стрэлілі з калёны сілавікоў. Аляксандру было 34 гады, у яго засталася 3-гадовая дачка.