Беларусы-эмігранты заклікалі Лёнданскую фондавую біржу выключыць з абарачэньня беларускія аблігацыі на 1 млрд фунтаў стэрлінгаў

Ініцыятары закліку да Лёнданскай фондавай біржы адмовіцца ад абарачэньня беларускіх аблігацый на 1 млрд фунтаў стэрлінгаў спасылаюцца на меркаваную фальсыфікацыю вынікаў галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах на карысьць дзейнага кіраўніка Аляксандра Лукашэнкі, піша брытанскі партал CITYA.M.

25-ы дзень пратэстаў. Судзяць студэнтаў і журналістаў

У чэрвені сёлета ўрад Беларусі ўпершыню разьмясціў аблігацыі на суму 1,25 млрд даляраў (930 млрд фунтаў) на Лёнданскай фондавай біржы.

Група беларускіх эмігрантаў, аб’яднаных у групу «Надзея», у чацьвер правядзе акцыю пратэсту каля фондавай біржы ў лёнданскім Сіці, патрабуючы выключэньня аблігацый.

Група сьцьвярджае, што аблігацыі «ў канчатковым выніку фінансуюць тэрарыстычны рэжым Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі».

Лёнданская фондавая біржа адмовілася камэнтаваць пратэст.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Намесьнік дзяржсакратара ЗША: «Вы, народ Беларусі, нагадалі нам, наколькі важныя дэмакратыя і свабода»

Менск ахоплены пратэстамі з тых часоў, як Лукашэнка, якога часта называюць апошнім дыктатарам Эўропы, выйграў выбары ў краіне ў мінулым месяцы з 80 адсоткамі галасоў.

Вынік ня быў прызнаны ў многіх краінах, уключаючы Вялікую Брытанію, бо зьявіліся доказы фальсыфікацый.

Большасьць экспэртаў лічаць, што апанэнтка Лукашэнкі на выбарах Сьвятлана Ціханоўская выйграла б свабодныя і справядлівыя выбары.

Мірныя пратэсты выклікалі бурную рэакцыю з боку міліцыі краіны: тысячы людзей арыштаваныя і сама меней чацьвёра забітыя.

Было шмат паведамленьняў пра катаваньні зьняволеных пратэстоўцаў, а таксама пра арышты замежных журналістаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША могуць увесьці санкцыі адносна Расеі за ўмяшаньне ў справы Беларусі

Людміла д’Круз, адна з арганізатараў «Надзеі», сказала, што ў лёнданскага Сіці ёсьць маральная адказнасьць не дапамагаць фінансаваць рэжым Лукашэнкі.

«Адбываецца тое, што беларускі ўрад выкарыстоўвае фінансавыя інструмэнты, створаныя ў дэмакратычным грамадзтве — Злучаным Каралеўстве — для збору сродкаў на жорсткі, нелібэральны і амаральны рэжым. Я абсалютна ўпэўненая, што Сіці абавязаны супрацьстаяць гэтаму.

[Міністар замежных спраў] Дамінік Рааб выступіў з заявай, у якой гаворыцца, што Вялікая Брытанія не прызнае вынікаў выбараў, і я лічу, што фінансавыя ўстановы таксама павінны адрэагаваць аналягічным чынам».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вонкавы дзяржаўны доўг Беларусі з пачатку году вырас да $ 17,8 млрд, — Міністэрства фінансаў

Група «Надзея» таксама заклікае ўрад Вялікай Брытаніі ўвесьці санкцыі супраць беларускага ўраду і кампаній, зьвязаных з рэжымам.

Вялікая Брытанія нядаўна прыняла закон Магніцкага, які дазваляе ўраду прымяняць санкцыі да замежных грамадзянаў за парушэньні правоў чалавека.

На пытаньне аб магчымым прымяненьні гэтага закону супраць беларускіх дзеячаў Міністэрства замежных спраў і ў справах Садружнасьці адмовілася ад камэнтароў.