Затрыманыя падчас асьвятленьня студэнцкай акцыі пратэсту журналісты застануцца ў РУУС Кастрычніцкага раёну прынамсі да раніцы.
Пра гэта праз тэлефон паведаміла карэспандэнтка Tut.by Надзея Калініна, якая знаходзіцца ў РУУС.
На якой падставе ўтрымліваюць журналістаў, высьветліць не ўдалося. Пры гэтым начальнік РУУС неаднаразова казаў, што журналістаў хутка вызваляць.
Таксама стала вядома, што прынамсі некаторым журналістам выстаўляюць абвінавачаньне за «ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве» — артыкул 23.34 КаАП.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску затрымалі некалькіх журналістаў, якія асьвятлялі студэнцкую акцыю пратэсту1 верасьня сілавікі затрымалі некалькі журналістаў, якія асьвятлялі акцыю пратэсту студэнтаў.
На вуліцы Кірава ў раёне стадыёну «Дынама» ў Менску ў 16.55 затрымалі журналістаў Tut.by Надзею Калініну і Аляксея Суднікава, фотакарэспандэнта БелаПАН Андрэя Шаўлюгу і журналіста-фрылансэра Васіля Сямашку. Там жа сілавікі затрымалі некалькі дзясяткаў студэнтаў, якія ішлі калёнай.
Таксама на маршы студэнтаў затрымалі супрацоўнікаў «Комсомольской правды в Беларуси»: фатографа Сьвятаслава Зоркага, апэратара Мікіту Недаверкава і карэспандэнта Марыю Эляшевіч.
Расейскае інфармагенцтва «РИА Новости» піша, што адным з затрыманых у Менску журналістаў быў іх карэспандэнт.