Стварэньне партыі не закране працу Каардынацыйнай рады — адзінай пляцоўкі дыялёгу ўсіх палітычных і грамадзкіх сілаў краіны, гаворыцца ў дадатковым тлумачэньні ініцыятараў.
У паведамленьні пацьвярджаецца, што гэта ініцыятыва Віктара Бабарыкі, Марыі Калесьнікавай і штабу зьняволенага прэтэндэнта ў прэзыдэнты. Ягоны зварот быў запісаны 14 чэрвеня на выпадак, калі былы банкір ня зможа ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская: Размова пра канстытуцыйную рэформу — спроба Лукашэнкі адтэрмінаваць свой сыход«Мы цалкам згодныя, што Сьвятлана Ціханоўская набрала большасьць галасоў на выбарах 9 жніўня. З прычыны шматлікіх парушэньняў і фальсыфікацый перамога была скрадзеная, таму мы бачым неабходнасьць правядзеньня новых сумленных выбараў. Сёньня ўжо ніхто не сумняецца, што нас большасьць. Галоўнае цяпер — дамагацца патрабаваньняў, якія кансалідавана агучаныя Каардынацыйнай радай і грунтуюцца на перадвыбарнай праграме Сьвятланы Ціханоўскай».
Гаворыцца, што гэтыя патрабаваньні былі ўзгодненыя і падтрыманыя Марыяй Калесьнікавай і камандай Віктара Бабарыкі. Сябры партыі «Вместе» будуць браць чынны ўдзел у працы Каардынацыйнай рады і спрыяць вырашэньню ўнутрыпалітычнага крызісу шляхам дыялёгу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навошта ствараць партыю, якую не зарэгіструюць? Палітоляг Карбалевіч пра ініцыятыву Бабарыкі«Зьмены ў Канстытуцыі шляхам правядзеньня рэфэрэндуму ініцыяваныя намі 19 чэрвеня і ёсьць адной з галоўных доўгатэрміновых палітычных задач. Без абмежаваньня тэрмінаў паўнамоцтваў прэзыдэнта, без выразнага падзелу ўладаў, без рэальнай працы парлямэнту мы ня бачым магчымасьці сфармаваць эфэктыўную сыстэму кіраваньня дзяржавай», — адзначаецца ў тлумачэньні.
Пачынаецца фармаваньне доўгатэрміновай палітычнай сілы, якая будзе ўдзельнічаць ва ўсіх працэсах будаўніцтва новай Беларусі, падсумоўваюць ініцыятары партыі «Вместе».