Новая партыя — гэта ня тое, чаго патрабуюць сотні тысяч пратэстоўцаў

Ілюстрацыйнае фота. Пратэсты ў Менску 1 верасьня

Ідэя з абвяшчэньнем «партыі Бабарыкі» нагадала мне жарт, які я калісьці сам прыдумаў.

«Сто гадоў! — традыцыйна крычалі госьці імяніньніку. Забыўшыся, што яна сабраліся адзначыць ягонае 105-годзьдзе».

Так і тут — ёсьць адчуваньне той самай недарэчнасьці, калі гэтая ідэя ні да месца, ні да часу. Каманда Бабарыкі дзейнічае паводле нейкага пляну, створанага яшчэ ў чэрвені, да ягонага затрыманьня, не зьвяртаючы ўвагу на тое, што сытуацыя і краіна зьмяніліся.

«Мы не смогли победить на выборах», — кажа Бабарыка на відэа, і ягоная каманда нават не асьмелілася выразаць гэтую фразу. Але гэта няпраўда: Сьвятлана Ціханоўская перамагла на гэтых выбарах. Проста ўзброеная група захапіла, узурпавала ўладу ў краіне і пакуль яе ўтрымлівае.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Штаб Бабарыкі апублікаваў ягоны відэазварот аб стварэньні партыі

І цяпер у гэтай незаконнай улады каманда Бабарыкі зьбіраецца прасіць дазволу на рэгістрацыю новай партыі? Да ведама скажу, што, здаецца, за апошнія гадоў 15 у Беларусі не зарэгістравалі ніводнай новай партыі. Ды ўвогуле, яшчэ адна партыя — гэта тое, чаго патрабуюць сотні тысяч пратэстоўцаў? Хіба хто чуў, каб яны крычалі: «Хочам новую партыю з назвай „Вместе“»? Не, людзі крычаць: «Сыходзь!» і «Трыбунал!»

Паказальна, што і Сьвятлана Ціханоўская крытычна выказалася аб гэтай ідэі. «Я ня згодная, што першая задача, якая стаіць перад намі — гэта канстытуцыйная рэформа. Такая пастаноўка мэты не адпавядае патрабаваньнем беларускага народу і выглядае двухсэнсоўнай, бо сёньня Лукашэнка спрабуе адцягнуць свой сыход, ведучы гаворку пра незразумелую канстытуцыйную рэформу ў няпэўныя тэрміны», — піша Ціханоўская ў сваім тэлеграм-канале.

Трэба сказаць шчыра — ідэя стварэньня партыі Бабарыкі размывае адзінства і падмяняе прыярытэты. Прыярытэты, якія, здавалася б, ні ў каго не выклікалі пярэчаньня: спачатку — сыход Лукашэнкі і новыя выбары, потым — колькі заўгодна новых партыяў, праграмаў, канстытуцыйная рэформа і выбар шляхоў разьвіцьця краіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навошта ствараць партыю, якую не зарэгіструюць? Палітоляг Карбалевіч пра ініцыятыву Бабарыкі

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.