Сацыял-дэмакраты патрабуюць вызваленьня сваіх партыйцаў і ўсіх незаконна затрыманых 

Старшыня Берасьцейскай абласной арганізацыі БСДП Ігар Маслоўскі

Прэзыдыюм Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) патрабуе спыніць палітычны перасьлед старшыні Берасьцейскай абласной арганізацыі БСДП Ігара Маслоўскага, які цяпер у ізалятары часовага ўтрыманьня.

Кіраўніцтва БСДП пераканана, што, у адпаведнасьці з Канстытуцыяй Беларусі, кожны грамадзянін мае права на свабоду сходаў і свабоду выказваньня сваіх перакананьняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрыманых лідэраў берасьцейскіх сацыял-дэмакратаў зьмясьцілі ў ІЧУ

На гэтай падставе агучаныя патрабаваньні прыцягнуць да адказнасьці ў адпаведнасьці з законам праваахоўнікаў, якія ўдзельнічалі ў зьбіваньні, неабгрунтаваных затрыманьнях, арыштах, і распачаць адносна іх крымінальныя справы.

Сярод пацярпелых ад міліцэйскага гвалту вялікая група сябраў БСДП: Ганна Канюс, Аляксандар Стральцоў​, Аляксандар Амялюсік, Арцём Іваноў, Аляксей Коўтун, Максім Дземідовіч, Аляксандар Хамратаў, Сяргей Чопік, Лявон Гаравы, Генадзь Захаркевіч, Арсень Бугаенка, Віталь Шаталаў.

Яшчэ адно патрабаваньне — неадкладна спыніць адміністрацыйныя працэсы ў дачыненьні да сяброў Цэнтральнага камітэту БСДП Андрэя Казановіча, Пятра Канстанцінава і сябра партыі Лізаветы Мярляк.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латушка пра арышт Ліліі Ўласавай — гэта ціск на Каардынацыйную раду

Прэзыдыюм БСДП патрабуе спыніць перасьлед грамадзянаў паводле палітычных матываў, а таксама аднавіць дзеяньне законаў у Беларусі.