Аляксандар Лукашэнка лічыць, што Мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч «атрымаў пэўныя задачы» ў Польшчы, і таму яго не ўпусьцілі ў Беларусь, перадае БелТА.
«Мы ўважлівым чынам адсочваем ўсіх, хто ўяжджае-выяжджае, — сказаў Лукашэнка падчас паездкі ў Баранавічы. — Кіраўнік Каталіцкай царквы нечакана выехаў для кансультацый у Варшаву і, атрымаўшы пэўныя задачы, вяртаўся Беларусь і трапіў у сьпіс неўязных, агульны ў Беларусі і Расеі. Ня толькі ён адзін, проста гэта больш вядомая фігура».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памежнікі не даюць інфармацыі аб прычынах нядопуску мітрапаліта Кандрусевіча ў БеларусьПры гэтым Лукашэнка заявіў, што зьявілася інфармацыя аб магчымай наяўнасьці ў Кандрусевіча не аднаго грамадзянства.
«Хочам вывучыць пытаньне. Калі там усё чыста, зробім паводле закону. Нам ня важна, хто ён — галоўны каталік, галоўны праваслаўны ці галоўны мусульманін. Павінен жыць згодна з законам. А калі ты яшчэ і ў палітыку улез і пацягнуў за сабой вернікаў, тады двайная адказнасьць», — дадаў ён.
Мітрапаліту Менска-Магілёўскаму Тадэвушу Кандрусевічу 31 жніўня адмовілі ва ўезьдзе ў Беларусь без тлумачэньня прычыны. Ён вяртаўся з Польшчы, дзе знаходзіўся ў службовай выправе.