Затрыманьні і суды 1 верасьня ў Беларусі. Абнаўляецца

Студэнцкі пратэст, ілюстрацыйнае фота

Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведамляе пра затрыманьні грамадзян, якія выказваюць пратэст супраць несумленных выбараў і гвалту з боку ўладаў.

1 верасьня ў розных гарадах Беларусі адбываюцца мірныя пратэсты супраць фальсыфікацыі выбараў і жорсткіх разгонаў акцый у паслявыбарчы перыяд.

Менск

Івану Шылу пакаралі на 6 сутак арышту. Справу разглядаў судзьдзя Аляксандр Кочак у судзе Партызанскага раёну.

Паводле пратакола, 30 жніўня Шыла ў 14.20 прыняў удзел у несанкцыянаваным мітынгу, «выкрыкваў правакацыйныя лозунгі, пляскаў у далоні». Рапарт склаў старэйшы ўчастковы Партызанскага РУУС Пашкевіч, паказанні супраць затрыманага даў старэйшы ўчастковы Максім Крыкуноў, які па канвееры дае паказанні і на іншых затрыманых на акцыі, паведамляе «Наша ніва».​

Студэнты і выкладчыкі БДУІР падрыхтавалі зварот да ўладаў, а калёна студэнтаў БНТУ рушыла ў цэнтар Менска, да яе далучаліся студэнты іншых ВНУ. У маршы прыняло ўдзел некалькі соцень чалавек, ён быў разагнаны, некаторыя ягоныя ўдзельнікі затрыманыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каардынатарку страйкаму БДУ і яе мужа арыштавалі на 15 сутак

Журналістаў «Эўрарадыё», якія вялі стрым са студэнцкай акцыі пратэсту, затрымалі ў жывым эфіры: гэта журналістка Марыя Вайтовіч і апэратар Раман Гадун.

Паведамляюць, што АМАП затрымаў некалькі дзясяткаў студэнтаў на плошчы Перамогі, разагналі калону пратэстуючых студэнтаў. На вуліцы Мсьціслаўца каля 8-40 невядомыя запхнулі ў аўто проста на вуліцы Любоў Кавальчук і зьвезлі ў невядомым кірунку. Яна зьбірала подпісы за адкліканьне дэпутата ў сваёй акрузе.

Каля вучэбнага корпусу БНТУ былі затрыманыя студэнты Ўладзіслаў Стасевіч, Вікторыя Гранкоўская, Дзьмітры Астроўскі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінкульт звольніў кіраўніцу Белдзяржунівэрсытэта культуры і мастацтваў 

У Менску з працы супрацоўнікі міліцыі забралі Алега Мазгова, дома праводзіцца ператрус. Ягоныя сябры зьвязваюць гэта з разьмяшчэньнем відэаролікаў на ютубе і ўдзеле акцыях пратэсту 9 жніўня.

Магілёў

У Магілёве затрымалі аднаго з лідэраў пратэставага руху Валадара Цурпанава. Актывіст прыйшоў на лінейку ў 43-ю школу, каб заклікаць пэдагогаў, якія працавалі ў выбарчых камісіях, прызнаць фальсыфікацыі выбараў і «пакаяцца». Цяпер ён у Кастрычніцкім аддзеле міліцыі.

Раней на Цурпанава склалі пратакол за арганізацыю 23 жніўня несанкцыянаванага пікету на плошчы Леніна.

Інфармацыя дапаўняецца.