Лукашэнка зьняў пасла ў Гішпаніі, які выказваўся за перападлік галасоў на выбарах і суд над вінаватымі ў гвалтоўных дзеяньнях

Акцыя салідарнасьці зь Беларусьсю, Гішпанія, Валенсія, 26 ліпеня 2020

Аляксандар Лукашэнка сваім указам ад 31 жніўня зьняў з пасады амбасадара Беларусі ў Гішпаніі Паўла Пуставога і пазбавіў яго дыпляматычнага рангу «за неналежнае выкананьне службовых абавязкаў». Пра гэта паведаміла агенцтва БелТА са спасылкай на прэсавую службу Лукашэнкі.

18 жніўня Пуставы зьвярнуўся да суродзічаў з заклікам «у спакойных і мірных абставінах абмеркаваць усе праблемы, якія хвалююць людзей».

Наконт падзеяў у Беларусі Пуставы адзначыў, што «такая сытуацыя непрымальная ў эўрапейскай дзяржаве ХХІ стагодзьдзя».

Паводле амбасадара, каб мірна вырашыць гэтую сытуацыю, трэба, па-першае, правесьці перападлік вынікаў галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах 9 жніўня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 23-і дзень пратэстаў. Мітрапаліта Кандрусевіча не ўпусьцілі ў Беларусь. Лукашэнка ў «чорным сьпісе». Суды над затрыманымі

Па-другое, дадаў ён, неабходна правесьці «адкрытыя судовыя пасяджэньні» ў адносінах да тых, хто: зьбіваў мірных дэманстрантаў; правакаваў да жорсткасьці сілавікоў, першым нападаючы з камянямі і арматурай; затрымліваў без падставы і зьдзекаваўся з затрыманых; зьдзяйсьняў аўтамабільныя наезды на прадстаўнікоў міліцыі; пагражаў блізкім і сваякам удзельнікаў падзеяў.