Як паведамілі Свабодзе выкладчыкі Ліцэю БДУ, малодшы сын Аляксандра Лукашэнкі Мікалай забраў дакумэнты з гэтай навучальнай установы.
Інфармацыю таксама пацьвердзілі «Эўрарадыё» супрацоўнікі ўстановы на ўмовах ананімнасьці.
У афіцыйным камэнтары «Эўрарадыё» дырэктар Ліцэю БДУ Ігар Варакса не пацьвердзіў і не зьняпраўдзіў гэтую вестку.
«Мы не камэнтавалі, калі пайшла інфармацыя, што Мікалай Лукашэнка нібыта зьбіраецца ў нас вучыцца. Адпаведна, і цяпер няма сэнсу камэнтаваць. У Ліцэй ён паступаў, дакумэнты прыносіў. А што адбывалася далей — толькі ў асабістым кабінэце вядома тым, хто паступаў.
Мы ніякія вынікі [іспытаў] не публікуем. У нас паступалі 1739 чалавек, і мы не апавядаем ні пра кога», — сказаў Ігар Варакса.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што за зброя была ў Мікалая Лукашэнкі і ці можа яе насіць падлетакСвабода зьвярнулася па камэнтар з гэтай нагоды да прэс-сакратаркі Аляксандра Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, але адказу пакуль не атрымала.
Ліцэй БДУ — наймацнейшая ўстанова сярэдняй адукацыі ў Беларусі. Сярод яе вучняў і выпускнікоў — нямала пераможцаў міжнародных алімпіядаў у школьных прадметах.
У канцы ўступнай кампаніі зьявілася была інфармацыя, што ў Ліцэй БДУ, у клясу біялягічнага профілю паступіў малодшы сын Аляксандра Лукашэнкі Мікалай Лукашэнка.