«Такая тэхніка ў горадзе бессэнсоўная». Навошта на акцыю пратэсту ў Менск увялі БМП

Ілюстрацыйнае фота. БМП-2, аналягічныя якім учора зьявіліся ў Менску

30 жніўня падчас масавага пратэсту ў Менску заўважылі каля 10 БМП (баявая машына пяхоты), якія рухаліся ў бок Палаца незалежнасьці. Свабода разабралася, што гэта за тэхніка.

Ня танк, а баявая машына пяхоты, ці БМП, так называецца тэхніка, якую ўчора заўважылі ў Менску падчас акцыі пратэсту, у якой узялі ўдзел сотні тысяч чалавек. Гэта гусенічная тэхніка пяхоты, менавіта таму яе блытаюць з танкам. Ва ўмовах вайны такая машына рухаецца за танкамі, а таксама дастаўляе вайскоўцаў на перадавую. Але навошта яна ў горадзе?

«Старая савецкая тэхніка»

Паводле вайсковага экспэрта Аляксандра Алесіна, у Менску ўчора бачылі БМП-2. Гэта яшчэ савецкія машыны, якія зьявіліся на ўзбраеньні ў Беларусі ў пачатку 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя.

Аляксандар Алесін

«Гэта палявая тэхніка для дастаўкі пяхоты на лінію абароны ў палявых умовах. Я не ўяўляю, што можна рабіць такой тэхнікай у горадзе. Яна ў горадзе абсалютна бессэнсоўная», — лічыць Аляксандар Алесін.

Такая машына, паводле яго, не нанясе моцных пашкоджаньняў гарадзкой гаспадарцы, але кожны выезд нямала каштуе. Прыкладны расход паліва — 1 літар на 1 кілямэтар. Машына езьдзіць на дызэльным паліве. Паводле экспэрта, такую тэхніку выводзілі хіба «для псыхалягічнага ціску».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску больш за чатыры гадзіны адбываўся пратэставы «Марш міру і незалежнасьці». ФОТА, ВІДЭА

«Гэта палявая машына»

Экспэрт у бясьпецы Андрэй Сыцько лічыць, што «такая машына абсалютна сьляпая ў горадзе».

«Прымяняць гармату ў гарадзкім асяродзьдзі з такой машыны ніхто ня будзе, ды і ў каго, і навошта? Кулямёт — таксама не. Гэта машына для палявога бою, для дастаўкі асабістага складу. У горадзе такая тэхніка нічога ня зможа. Можна прыгадаць выкарыстаньне такой тэхнікі ў Маскве ў 1991-м падчас путчу. Нічога гэтай тэхнікай тады не зрабілі, выпадкова наехалі на некалькіх людзей, і тое таму, што такая машына кепска кіруецца ва ўмовах гораду», — прыводзіць прыклад Андрэй Сыцько.

У жніўні 1991-га падчас путчу ў Маскве ад няўдалых манэўраў БМП загінулі сама меней тры дэманстранты: Дзьмітрый Комар (упаў пад тракі машыны), Уладзімір Усаў (выпадкова забіты папераджальным стрэлам) і Ільля Крычэўскі (забіты пры нявысьветленых абставінах стрэлам).

Выкарыстаньне танкаў у горадзе Андрэй Сыцько лічыць яшчэ больш бессэнсоўным. А БМП у Менск прыганялі «хіба каб напужаць».

БТР-80 на акцыі пратэсту 30 жніўня ў Менску