Марш міру і незалежнасьці ў Магілёве: тысячы ўдзельнікаў, прарывы ачапленьня. ФОТА

У Магілёве ў «Маршы міру і незалежнасьці» ўдзельнічалі ад 2 да 4 тысяч чалавек. За тры з паловай гадзіны пратэстоўцы абышлі цэнтральныя вуліцы гораду і двойчы прарывалі міліцэйскае ачапленьне.

Гараджане пачалі зьбірацца ў некалькіх месцах у цэнтры гораду. А 14-й гадзіне найбольш сабралася на традыцыйнай для пратэставых акцыяў пляцоўцы насупраць гандлёвага цэнтру «Атрыюм», што за трыста мэтраў ад гарвыканкаму.

Марш міру і незалежнасьці ў Магілёве

Міліцыянты спрабуюць ня даць людзям сабрацца на пляцоўцы перад гандлёвым цэнтрам «Атрыюм»

Там напярэдадні ўлады разгарнулі кірмаш, і міліцыянты патрабавалі, каб пратэстоўцы пакінулі пляцоўку.

Транспаранты маршу ў Магілёве

Спробы міліцыянтаў перашкодзіць руху калёны не далі плёну. Людзі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі, антыўладнымі транспарантамі ды лёзунгамі запоўнілі ходнік вуліцы Першамайскай. У шэсьці ўдзельнічала шмат моладзі, багата людзей прыйшло сем’ямі, былі людзі перадпэнсійнага і пажылога веку.

Транспаранты маршу ў Магілёве

«У такіх маршах павінна ўдзельнічаць ня толькі моладзь, — кажа жанчына пэнсійнага веку. — Мы ў свой час ня выйшлі з пратэстамі, хоць нам шмат што не падабалася. А цяпер трэба падтрымліваць маладое пакаленьне, якое змагаецца за свабоду і праўду».

На чале калёны дзьве жанчыны несьлі вянок з напісанымі на стужках гадамі прэзыдэнцтва Лукашэнкі. Па іх словах, гэта «сымбалічнае пахаваньне прэзыдэнцкай пэрспэктывы для Лукашэнкі».

Першае сутыкненьне зь міліцэйскім ачапленьнем адбылося ў Камсамольскім сквэры, калі калёна пратэстоўцаў, лікам больш за дзьве тысячы чалавек, вярталася на пляцоўку да «Атрыюму», прайшоўшы пешаходнай вуліцай Ленінскай. Міліцыянты блякавалі праход, але іхных сілаў было замала, каб стрымаць людзей.

Калёна пратэстоўцаў на магілёўскай вуліцы Першамайскай

«Чыноўнікі ўжо даўно нажываюцца на нас. Зрынуўшы Лукашэнку, і другіх прыбяром», — кажа 30-гадовая ўдзельніца маршу. Яна прызнаецца, што не чакала, каб людзі пайшлі на прарыў ачапленьня.

На дзеяньні праваахоўнікаў пратэстоўцы адрэагавалі скандаваньнем «Ганьба», «Гэта наш горад», «Мы тут гуляем». Самымі ж папулярнымі на маршы былі лёзунгі «Верым, можам, пераможам». «Сыходзь», «Звольнены», «У адстаўку». Зь імі марш прайшоў ля ўнівэрсытэту імя Куляшова, дзе вучыўся Аляксандар Лукашэнка.

Канфлікт пратэстоўцаў з апэратарам у цывільным

Пратэстоўцаў на ўсім шляху суправаджала міліцэйская машына, зь якой папярэджвалі пра адказнасьць за ўдзел у несанкцыянаваным шэсьці. Пэрыядычна яна спынялася, зь яе выходзіў міліцыянт у камізэльцы з надпісам «Інфармацыйная група» ў суправаджэньні апэратара ў цывільным. Ён здымаў удзельнікаў маршу. Тым гэта не падабалася. Адзін зь іх папрасіў апэратара назвацца, але той адштурхнуў мужчыну, што выклікала абурэньне іншых пратэстоўцаў. Усчаўся канфлікт, міліцыянты не рэагавалі. Апэратар кінуўся пад іхную абарону.

Тым часам удзельнікі маршу прарвалі ачапленьне другім разам і рушылі на плошчу Леніна. Там іх чакалі экіпаваныя міліцыянты, якія перакрылі падыходы на яе і пасталі ўздоўж праезнай часткі праспэкту Міру.

Прарыў пратэстоўцамі ачапленьня міліцыі

«Вядома ж, мне хацелася б сумленных выбараў, як усім, хто сёньня далучыўся да маршу. Спадзяюся на зьмены ў краіне, — кажа 35-гадовы яго ўдзельнік. У руках ён трымае лёзунг з заклікам, каб «Вова забраў зь Беларусі сваіх журналістаў».

«На беларускім тэлебачаньні працуюць цяпер расейскія спэцыялісты, якія хлусяць беларусам», — тлумачыць ён.

Пратэстоўцаў віталі аўтамабілісты і мінакі. Не заставаліся ўбаку кіроўцы службовых машын і транспарту.

Кандуктарка вітае ўдзельнікаў маршу

Прыйшоўшы да плошчы Леніна, калёна зьменшылася да тысячы ўдзельнікаў. Пакрысе пратэстоўцы разыходзіліся, каб іх не пазатрымлівалі.

Экіпаваныя міліцыянты на плошчы Леніна ахоўваюць будынак аблвыканкаму

На плошчу Славы, дзе праходзіла агульнагарадзкое сьвята для дзяцей, пратэстоўцы не пайшлі. Мінакі паведамілі, што там засела шмат міліцыянтаў. «Марш міру і незалежнасьці» працягваўся тры з паловай гадзіны.

Агульнагарадзкое сьвята на плошчы Славы з экіпаванымі міліцыянтамі

Падчас шэсьця непадалёк ад будынку КДБ, на вуліцы Піянэрскай, людзі ў цывільным зацягнулі ў мікрааўтобус журналіста мясцовага інтэрнэт-выданьня «Магілёўскі рэгіён, 6tv.by» Аляксандра Сабалеўскага. Ён вёў стрым з акцыі пратэсту.

Паводле магілёўскіх праваабаронцаў з пазбаўленага рэгістрацыі цэнтру «Вясна» на «Маршы міру і незалежнасьці» і пасьля яго затрымалі прынамсі 10 чалавек. Журналіста зь мясцовага інтэрнэт-выданьня «Магілёўскі рэгіён 6tv.by» Аляксандра Сабалеўскага і блогера Андрэя Бодзілева адправілі ў ізалятар. Пакуль невядома, што ім інкрымінуюць. Астатніх затрыманых адпусьцілі. Іх забралі, бо мелі бел-чырвона-белыя сьцягі.

У Горках, на аналягічнай акцыі пратэсту, затрымалі актывістаў руху «За Свабоду» Андрэя Юркова і КХП БНФ Віктара Каралькова. Абодвух утрымліваюць у раённым аддзеле міліцыі.

У Бабруйску зьняволілі Віталя Красьніцкага, былога рабочага «Белшыны», які быў ініцыятарам стварэньня страйкаму на прадпрыемстве.