Пратэстоўцы хадзілі ў маршы незалежнасьці па Горадні звыш 4 гадзін. Нягледзячы на моцны дождж, марш сабраў каля 10 тысяч чалавек.
Спачатку а 14-й гадзіне людзі прыйшлі ў розныя месцы, бо напярэдадні зьявіліся розныя абвесткі наконт акцыі пратэсту. Некалькі тысяч сабраліся на стадыёне «Нёман», рушылі адтуль у бок чыгуначнага вакзалу і далучыліся там да іншых пратэстоўцаў.
Тысячы людзей зь бел-чырвона-белымі сьцягамі, балёнікамі, плякатамі, абразамі і крыжамі каля гадзіны хадзілі вакол вялікай паркоўкі побач з чыгуначным вакзалам. Скандавалі «Жыве Беларусь», «Сыходзь», «Гэта наш горад», «Лукашэнку ў аўтазак», сьпявалі «Тры чарапахі». Ім сыгналілі аўтамабілі.
Міліцыянты папярэджвалі, што мерапрыемства недазволенае, аднак людзі крычалі ім, што яны тых ня чуюць, як і ўлады ня чуюць свой народ.
У сваёй творчасьці людзі аддалі ўвагу дню народзінаў Аляксандра Лукашэнкі. Нехта прынёс зьвязку чорных балёнікаў, іншы — пахавальны вянок з датамі 1994–2020. Адзін пратэстовец адмыслова пагаліў частку галавы, каб стварыць уражаньне лысіны, і трымаў надпіс: «Несапраўдны прэзыдэнт».
Таксама людзі пісалі на плякатах: «Такое сабе сьвята, 66», «Саня, застанься з намі» і малюнак прэзэрватыву са спэрматазоідамі, «З днём народзінаў сабачкі», «Саша, нарадзі сябе назад», «Выдатны дзень, каб сысьці», «Кусь за Беларусь», «Пакараць сьмерцю нельга дараваць».
У гэты ж час міма чыгуначнага вакзалу некалькі разоў праехала калёна аўтамабіляў з чырвона-зялёнымі сьцягамі, георгіеўскімі сьцягамі, езьдзілі машыны са сьцягам Савецкага Саюзу.
З чыгуначнага вакзалу пратэстоўцы рушылі на аўтавакзал. Калёна расьцягнулася прыкладна на кілямэтар ад вуліцы Будзённага да кінатэатру «Ўсход». Па дарозе людзі ў цывільным затрымалі аднаго чалавека. Пасьля таго як паспрабавалі затрымаць яшчэ аднаго, галава калёны разьвярнулася і пайшла ў бок хваста. Кіравалі калёнай ейныя ж удзельнікі выгукамі «Стойце!», «Назад», або называючы наступны пункт руху — «Аўтавакзал», «Савецкая». «Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго», — скандавалі ў гэты момант дэманстранты.
Шчыльная калёна працягнула свой шлях на псыханэўралягічны дыспансэр, што месьціцца ў спальным раёне побач са шматпавярховікамі. Пад дыспансэрам людзі стаялі досыць доўга. Скандавалі «Забярыце Сашу», «Саша ваш кліент», «Жыве Беларусь».
Адтуль частка людзей пачала разыходзіцца па дамах, некалькі тысяч вырашылі вярнуцца разам у цэнтар гораду. Па дарозе яшчэ некалькіх чалавек затрымалі міліцыянты.
У раёне аўтавакзалу дэманстранты вырашылі ісьці на Савецкую плошчу, аднак убачылі, што праход да яе на вуліцы Кірава перакрылі дзясяткі амапаўцаў. Потым людзі ў чорнай форме перабеглі і сталі каля выхаду з падземнага пераходу побач з аўтавакзалам. Пратэстоўцы спыніліся і вырашалі, што рабіць далей.
На мост побач з падземным пераходам пайшлі дзяўчаты, а за імі ўсе астатнія. Яны скандавалі «Прапускай», аднак міліцыянты не сыходзілі. З моста людзі вярнуліся да аўтавакзалу. Большасьць людзей стала сыходзіць.
Калі засталося некалькі дзясяткаў чалавек, да іх пад’ехалі два аўтобусы з амапаўцамі і пачалі досыць жорстка выхопліваць з натоўпу і затрымліваць людзей, выкарыстоўвалі газ. У кагосьці на зямлю ўпаў бел-чырвона-белы сьцяг, адзін з супрацоўнікаў АМАПу дэманстратыўна выцер аб сьцяг ногі. Неўзабаве пасьля гэтага аўтобусы з амапаўцамі і аўтазакі зьехалі, людзі разышліся, скандуючы «Кожны дзень».
Агулам у Горадні падчас маршу затрымалі ня менш за сем чалавек. Пайменна вядомыя: Андрэй Янковіч, Ліза Мерляк, Павал Мамуль, Віктар Шыкуць, Дзьмітры Розмысел, Павал Дораш, Станіслаў Васюхоўскі.