У Гомлі, Сьветлагорску, Рэчыцы і Мазыры 30 жніўня прайшлі «Маршы міру». У Гомлі, па розных ацэнках, удзел у маршы ўзялі ад 5 да 10 тысяч чалавек.
Да акцыі старанна падрыхтаваліся гомельскія ўлады — усе плошчы і пляцоўкі ў цэнтры гораду былі занятыя кірмашамі і выставамі. Нават на ходніках вуліцы Савецкай разьмясьцілі выставу карцін.
Тым ня менш людзі сабраліся на пляцоўцы ля ўнівэрмагу «Гомель» і рушылі па вуліцы Савецкай. Яны прайшлі да плошчы Леніна, потым праспэктам Леніна да чыгуначнага вакзалу, адтуль па праспэкце Перамогі — да плошчы Паўстаньня, зноў дайшлі да ўнівэрмагу і яшчэ раз — да плошчы Леніна. Адтуль вярнуліся па Савецкай да ўнівэрмагу.
Скандавалі «Жыве Беларусь!», «Лукашэнку ў аўтазак», «Саша, выпей чаю, Путин угощает», «Сьвета — прэзыдэнт!».
Пасьля акцыі ў Гомлі затрымалі журналістку Ларысу Шчыракову. Яе завезьлі ў АУС Гомельскага раёну. Маршы прайшлі ў Мазыры і Сьветлагорску. У Гомелі таксама затрыманыя Батоўкін, Музыка, Сабалеўскі, Даўгулевіч.
У Рэчыцы пасьля акцыі затрымалі пяць чалавек, — паведаміў у сваім Facebook актывіст Алег Шабетнік. Ён расказаў, што жыхары Рэчыцы на ганак выканкаму паклалі «падарункі» — вяроўку зь пятлёй, пампэрс, сухары і некалькі бульбін.
У Жлобіне затрымалі музыку Аляксандра Мамая. Пра гэта Свабодзе расказала актывістка Ліяна Шуба. Яе ўчора пяты раз выклікалі ў мясцовую міліцыю на «прафіляктычную гутарку».
«Наша міліцыя чамусьці палічыла, што я арганізатар акцый. У мінулую нядзелю мяне дзевяць гадзін пратрымалі ў міліцыі. Учора міліцыянты заявілі, што калі ў Жлобіне ў нядзелю будзе нейкая правакацыя — яны мяне зробяць вінаватай», — пракамэнтавала Ліяна Шуба.
Пасьля акцыі ў Гомлі міліцыя затрымала мінімум 5 чалавек. Іх павезьлі з Цэнтральнага РАУС у ізалятар часовага ўтрыманьня. Адзін з затрыманых, Валер Даўгулевіч, быў пасьля акцыі зь сябрамі ў піцэрыі. Сябры кажуць, што з піцэрыі Валера забралі пяцёра міліцыянтаў.
Яшчэ фота з гомельскай акцыі: