У Беларусі на фоне пратэстаў зь дзяржаўных СМІ звальняюцца супрацоўнікі. З чым яны ня згодныя і што расказваюць пра тое, як працуе прапагандысцкая машына ўладаў? Пра гэта іх распытала DW.
21-ы дзень пратэстаў. Жаночы марш у Менску. У журналістаў забралі акрэдытацыі
«Яны вырасьлі і раптам зразумелі, што ў іх чагосьці не хапае. Некаторыя выскачылі: працаваць ня будзем! Ня трэба», — так Аляксандар Лукашэнка пракамэнтаваў страйк, на які выйшлі 17 жніўня супрацоўнікі Белтэлерадыёкампаніі. На фоне пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў зь дзяржаўных СМІ сыходзяць цэлыя калектывы. Журналісты расказалі DW, чаму вырашылі звольніцца, і патлумачылі, як працуе прапагандысцкая машына беларускіх уладаў.
Дзяржаўныя СМІ доўга не пісалі пра СОVID-19
Першы суразмоўца DW пажадаў захаваць максымальна магчымую ананімнасьць. Журналіст звольніўся з выдавецкага дому «Беларусь сегодня» — установы адміністрацыі прэзыдэнта. Што тычыцца асаблівасьцяў працы і цэнзуры, то яны, безумоўна, былі, прызнае суразмоўца:
«Напрыклад, дзяржаўныя СМІ, у тым ліку і наш рэсурс, доўга адмаўлялі СОVID-19. Спачатку наогул пра гэта не пісалі, потым — толькі ў пазытыўным ключы: „людзі здаравеюць“, „у Кітаі пачалі адчыняцца прадпрыемствы“».
Празь нейкі час інфармацыю пра каранавірус у Беларусі даваць усё ж дазволілі, але таксама вельмі своеасабліва.
«Мы перапісвалі праграмы беларускага ТБ — пра тое, як краіна пасьпяхова спраўляецца з СОVID-19, што паміраюць толькі тыя, у каго і без таго мноства захворваньняў, а ў шпіталях — лішак ложкаў і апаратаў ШВЛ, — успамінае суразмоўца. — Казалі, што палітыцы Беларусі адносна каранавірусу зайздросьціць увесь сьвет».
Прэзыдэнцкая кампанія ў дзяржаўных СМІ таксама асьвятлялася аднабока:
«Казалі толькі пра Лукашэнку. Нам далі ўстаноўку наогул не пісаць пра іншых кандыдатаў, ня згадваць нават іх прозьвішчаў».
Трыгерам для сыходу суразмоўцы зь «Беларуси сегодня» стала затрыманьне міліцыяй у Горадні відэаблогера Сяргея Ціханоўскага.
«Яго затрымалі 29 траўня, а дзён празь дзесяць мне сказалі паставіць навіну пра тое, што Сьледчы камітэт выставіў блогеру абвінавачаньні. І Сяргей, і Сьвятлана Ціханоўскія выклікалі ў мяне давер, а тут трэба было пісаць, што ён практычна злачынец».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праўладны саюз журналістаў: «Настойваем на хуткай выдачы новых акрэдытацый журналістам замежных СМІ»
У цэлым, дзеліцца суразмоўца, праца ў дзяржаўных мас-мэдыя — гэта набор пэўных тэмаў, якія асьвятляюцца пастаянна. Перад Новым годам шмат пішуць пра дабрачынную акцыю «Нашы дзеці» — прадстаўнікі ўладаў і дзяржпрадпрыемстваў езьдзяць у дзіцячыя дамы, шпіталі, дораць падарункі:
«Мы пісалі ледзь не пра кожнага чыноўніка, які вадзіў карагод вакол ёлкі. Пры тым, што цэлы год пра гэтых дзяцей ніхто не ўспамінае. Нават у Міжнародны дзень абароны дзяцей не было навін, што ўмоўная Натальля Качанава (сьпікер верхняй палаты беларускага парлямэнту) паехала ў нейкі дзіцячы дом».
Запомнілася журналісту і тое, як асьвятлялі Дзень Перамогі 9 траўня — пісалі пра ўсе ўскладаньні кветак да ваенных помнікаў:
«Увесь тыдзень напярэдадні сьвята ты проста ставіў па 30–40 аднатыпных паведамленьняў у дзень. Калезе, якая хацела даць навіну пра тое, як напярэдадні гэтае сьвята адзначылі ў эўрапейскіх краінах, начальнік у грубай форме патлумачыў, што яна нічога не разумее і што сьвята 8 траўня ідэалягічна супрацьпастаўленае нашаму 9 траўня».
Рэдактары выкрэсьлівалі словы «сталінізм», «культ асобы», «ГУЛАГ». «Нават займаючыся тэмай культуры, я так ці інакш падпісваюся пад усім, што робіць Белтэлерадыёкампанія. Гэта мая пазыцыя», — кажа Сьвятлана (імя зьменена). Яна звольнілася з аднаго зь беларускіх дзяржаўных тэлеканалаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дырэктар радыё «Сталіца» звольніўся разам з калектывам
Дзяўчына прыгадвае, як 17 жніўня разам з калегамі выйшла да будынку кампаніі. Супрацоўнікі патрабавалі прызнаць несапраўднымі вынікі прэзыдэнцкіх выбараў, адправіць у адстаўку кіраўніцу ЦВК, вызваліць палітвязьняў і адмяніць цэнзуру ў СМІ. Кіраўніцтва палічыла страйк незаконным. Тым, хто быў ня згодны, прапанавалі сысьці, сказалі, што адсутныя кадры заменяць расейскімі спэцыялістамі. Іх прыезд у Беларусь пацьвердзіў Аляксандар Лукашэнка: «Я папрасіў расейцаў: дайце нам 2–3 групы журналістаў на ўсялякі выпадак».
Гэта, як лічыць Святлана, паўплывала на інфармацыйны эфір:
«Памянялася рыторыка навін. Сюжэты сталі больш радыкальнымі. Яшчэ больш нэгатыву гучыць на адрас удзельнікаў мірных пратэстаў».
Такая падача зьдзіўляе нават журналістаў, якія самі ня раз сутыкаліся з цэнзурай.
Калісьці Сьвятлана працавала ў Агенцтве тэленавін (АТН, навінавае падразьдзяленьне каналаў «Беларусь 1» і «Беларусь 24»). Паводле яе, там у гэтым пляне ўсё даволі жорстка: «Былі людзі, чые імёны былі пад забаронай на беларускім ТБ. Сярод іх — заснавальнік парталу tut. by Юры Зісер, які нядаўна памёр».
Гэта тычылася ня толькі яго прафэсійнай дзейнасьці або грамадзянскай пазыцыі, але і праектаў Зісера як мэцэната:
«Напрыклад, ён займаўся аднаўленьнем арганаў. Расказваючы, што ў нейкім храме зьявіўся адрамантаваны арган, нельга было згадваць, дзякуючы каму гэта адбылося».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З БТ звольніліся вядоўцы і кіраўнік жаночага ток-шоў «Дзень у вялікім горадзе»
Паводле Сьвятланы, у сюжэтах АТН ніколі не паказвалі апазыцыйных палітыкаў. Таксама ў журналістаў быў сьпіс палітолягаў і эканамістаў, па камэнтары да якіх было нельга зьвяртацца.
«Чалавеку дастаткова адзін раз выказаць думку, якая не супадае з афіцыйнай палітыкай, і яго больш ніколі не паклічуць на тэлевізію», — падкрэсьлівае Сьвятлана.
Само сабой, працягвае яна, строга вывяраліся і журналісцкія тэксты:
«Рэдактары, як правіла, выкрэсьлівалі словы „сталінізм“, „культ асобы“, „ГУЛАГ“. Былі і зусім абсурдныя рэчы: неяк з майго тэксту прыбралі слова „вусаты“».
Звольнілася амаль уся радыёстанцыя
Валерыю Кандрацьеву, які працаваў на радыё «Сталіца» (адной з радыёстанцыяў Белтэлерадыёкампаніі), пашанцавала больш. Ён кажа, што за паўтара года, бадай, толькі пару разоў вымавіў у эфіры прозьвішча прэзыдэнта, і тое — паведамляючы, што адбылася нейкая міжнародная сустрэча з удзелам Лукашэнкі.
На «Сталіцы», успамінае Кандрацьеў, таксама існавалі абмежаваньні што да асьвятленьня тэмы каранавірусу — усё зводзілася да абнародаваньня статыстыкі Міністэрства аховы здароўя. Калі перад выбарамі некаторыя беларускія музыкі трапілі ў няласку да ўладаў, іх кампазыцыі былі загадана прыбраць з эфіру. Пасьля ж галасаваньня 9 жніўня ўсё стала значна больш сур’ёзна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Глыбокім звольнілася 28-гадовая ідэоляг райвыканкаму і расказала пра тамтэйшыя норавы
Кандрацьеў прызнаецца, што яму было цяжка выходзіць у эфір з ранішняй праграмай: «Калі пачалі зьяўляцца відэа і аўдыёзапісы таго, што адбывалася з затрыманымі, мы пайшлі да дырэктара радыёстанцыі. Я сказаў: калі не дазволяць казаць праўду — звольнюся. Мяне падтрымалі іншыя супрацоўнікі».
Журналісты і гукарэжысэры Дому радыё вылучылі патрабаваньні ўладам, выпусьцілі адпаведны відэазварот, а 17 жніўня радыё «Сталіца» абвясьціла страйк — у эфіры была толькі музыка, навіны спорту і прагноз надвор’я.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ні слова пра зьбіцьцё і вайсковую тэхніку. Расейскія журналісты з БТ перакруцілі гісторыю пра пацярпелую ад АМАПу сям’ю з Горадні
Потым, паводле Валерыя, кіраўніцтва Белтэлерадыёкампаніі пачало сьцьвярджаць, што і зварот, і страйк незаконныя — пра іх нібыта належала паведаміць за два тыдні, і толькі атрымаўшы дазвол, потым страйкаваць: «Сказалі, што можам быць звольненыя па артыкуле. Мы сышлі самі».
Са «Сталіцы» звольніліся 11 або 12 чалавек, у тым ліку дырэктар радыёстанцыі, яго намесьнік і музычны рэдактар:
«Мы проста ня можам працаваць на дзяржаўным радыё і рабіць выгляд, што нічога не адбываецца».