Карэспандэнтка «Белсату» абвясьціла галадоўку проста падчас працэсу, пазьней яе справу адправілі на дапрацоўку.
У Кастрычніцкім раённым судзе Менску 28 жніўня ідуць працэсы над журналістамі, якіх 27 жніўня затрымалі на плошчы Свабоды і ўвечары не адпусьцілі, як іншых. Гэта карэспандэнтка «Белсату» Кацярына Андрэева і апэратар БАЖ Максім Гарчанок, фатограф-фрылансэр Аляксандар Васюковіч і апэратар «Настоящего времени» Андрэй Ярашэвіч. Журналістаў судзяць праз Skype.
Нагадаем, 27 жніўня ў Менску прайшоў марш, удзельнікі якога пратэставалі супраць затрыманьняў, што адбыліся днём раней каля Чырвонага касьцёлу. Пратэстоўцы прайшлі ад Катэдральнага праваслаўнага сабору на плошчы Свабоды да Чырвонага касьцёлу на плошчы Незалежнасьці, дзе тысячны натоўп разагналі міліцыя і АМАП. Паводле праваабаронцаў, больш за 260 чалавек затрымалі. У тым ліку каля 50 беларускіх і замежных журналістаў.
Між тым першую групу журналістаў, прыкладна 20 чалавек, затрымалі а 18-й гадзіне яшчэ да маршу. Гэта адбылося на пляцы Волі, каля ратушы. Прэсавая служба гарадзкой міліцыі пазьней заявіла, што журналістаў не затрымлівалі, а «даставілі ў Кастрычніцкі РУУС для праверкі дакумэнтаў». Чацьвярых журналістаў з гэтай групы, у якіх не аказалася акрэдытацыі, не адпусьцілі, на іх склалі адміністрацыйныя пратаколы. Ноч на 28 жніўня Кацярына Андрэева, Аляксандар Васюковіч, Максім Гарчанок і Андрэй Ярашэвіч правялі ў актавай зале Кастрычніцкага РУУС, сёньня над імі пачаліся суды.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: БАЖ патрабуе завесьці крымінальную справу за перашкоду працы журналістаў«Абсалютная хлусьня»
Каля абеду стала вядома, што затрыманых журналістаў вінавацяць паводле 1 часткі артыкулу 32.24 адміністрацыйнага кодэксу — удзел у несанкцыянаванай масавай акцыі.
Паводле пратаколу міліцыі, Кацярына Андрэева на несанкцыянаванай акцыі выкрыквала лёзунгі «Жыве Беларусь» і «Сыходзь». Журналістка назвала абвінавачаньні «абсалютнай хлусьнёй» і настойвала, што ніколі ня ўдзельнічала ў незаконных акцыях, пагатоў фізычна не магла выкрыкваць лёзунгі, бо 27 жніўня вяла рэпартаж у жывым эфіры.
«Была там на заданьне рэдакцыі „Белсату“, вяла рэпартаж, камэнтавала тое, што там адбываецца. Пасьпела расказаць, што было ўчора каля Чырвонага касьцёла, што там на той момант людзей сабралася няшмат. І тут пад’ехаў міліцэйскі аўтамабіль, выйшлі міліцыянты, не назваліся, — і ўсё, журналістаў забралі», — расказала суду Кацярына Андрэева. Гэтыя тлумачэньні журналісткі пацьвердзіў сьведка, карэспандэнт «Настоящего времени» Раман Васюковіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрыманую журналістку БелаПАН забрала «хуткая»
Суд ня стаў выклікаць сьведак-міліцыянтаў
Супраць журналісткі «Белсату» сьведчылі паказаньні міліцыянтаў Антарчыка і Кучко, якія ў суд не зьявіліся, спаслаўшыся на занятасьць. Паказаньні сьведак судзьдзя Аляксандр Рудэнка зачытаў з матэрыялаў справы. Да гэтага ён жа адхіліў хадайніцтва адваката Сяргея Зікрацкага аб вызаве сьведак у суд.
«Мы бачым, што абставіны справы нічым не пацьверджаныя, акрамя паказаньняў сьведак-міліцыянтаў, якія дублююцца, у тым ліку дублююцца граматычныя памылкі ў гэтых паказаньнях. Таксама пратаколы складзеныя са шматлікімі парушэньнямі», — сказаў абаронца Зікрацкі і папрасіў суд спыніць справу супраць журналісткі.
Кацярына Андрэева праз Skype пасьпела сказаць, што на знак пратэсту супраць затрыманьня пачала галадоўку. Пасьля непрацяглай нарады судзьдзя паведаміў, што справа Андрэевай адпраўленая на дапрацоўку.
Пазьней на дапрацоўку таксама адправілі справы фатографа Аляксандра Васюковіча і апэратараў Андрэя Ярашэвіча і Максіма Гарчанка. Тых людзей, чые справы даслалі на дапрацоўку, вызвалілі.