Машына хуткай дапамогі забрала з Кастрычніцкага РУУС журналістку інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Тацяну Каравянкову, у якой падняўся ціск у ноч на 28 жніўня. Пра гэта напісалі ў тэлеграм-канале Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Каравянкову адвезьлі ў 3-ці клінічны шпіталь Менску. Яе суправаджала галоўная рэдактарка БелаПАН Ірына Леўшына.
Каравянкову разам зь іншымі журналістамі затрымалі ўвечары 27 жніўня на менскай плошчы Незалежнасьці падчас акцыі пратэсту каля Чырвонага касьцёла.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Акцыя пратэсту вернікаў у Менску скончылася затрыманьнямі больш як 260 чалавек на плошчы Незалежнасьці. ФОТАПрэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава сказала, што журналістаў не затрымлівалі, а даставілі ў Кастрычніцкае РУУС для праверкі «дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць законнасьць іх прафэсійнай дзейнасьці». Журналісты зарэгістраваных СМІ, а таксама замежныя журналісты, акрэдытаваныя пры Міністэрстве замежных справаў, будуць адпушчаныя, паабяцала Чамаданава.
Як разьвіваліся падзеі
- Пасьля разгону акцыі пратэсту супраць несумленных выбараў і гвалту, якая праходзіла 26 жніўня ля Чырвонага касьцёла ў Менску, людзі зноў выйшлі на пратэст.
- Пасьля 18-й гадзіны на плошчы Свабоды затрымалі некалькі дзясяткаў журналістаў, сярод іх фатограф Радыё Свабода Ўладзімер Грыдзін. Журналістаў пасадзілі ў мікрааўтобус і даставілі ў Кастрычніцкае РУУС «для праверкі дакумэнтаў».
- На плошчы Свабоды сабраліся некалькі соцень пратэстоўцаў, у многіх на плячах — бел-чырвона-белыя сьцягі, у руках плякаты. Яны сталі ў калёну і рушылі ў бок плошчы Незалежнасьці, сьпяваючы «Магутны Божа».
- Праспэктам Незалежнасьці ўжо ішла калёна ў тысячу чалавек. Дэманстранты несьлі бел-чырвона-белыя сьцягі, кветкі і абразы, спыняліся на чырвонае сьвятло.
- На плошчы Незалежнасьці са сьцягамі і плякатамі сабраліся каля тысячы чалавек. АМАП заблякаваў прыступкі да Чырвонага касьцёла, не пускаючы людзей з плошчы да касьцёла. Паступова АМАП пачаў ачапляць плошчу, выцясьняючы людзей. У 19.30 пачаліся затрыманьні. Сярод дзясяткаў затрыманых і журналісты Свабоды Алег Грузьдзіловіч, Андрэй Рабчык і Алесь Дашчынскі. Наш стрым сілавікі спынілі ў жывым эфіры.
- Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведамляе пра больш як 200 затрыманых толькі на плошчы Незалежнасьці. СЬПІС ТУТ.